Яшчэ не позна далучыцца. Сёння завершыцца галасаванне на платформе «Сход»

Галасаванне на платформе «Сход» скончыцца ў суботу, 13 лютага. На гэты момант каля 70000 беларусаў выбралі сваіх народных прадстаўнікоў. Далей — фарміраванне павесткі дэлегатамі, онлайн-сесіі, вынясенне рэзалюцый.

2021_01_06_17.38.44_1024x683.jpg

Трошкі статыстыкі:

У лідэрах галасавання — Максім Баграцоў (член КС і руху Віктара Бабарыкі), Павел Лібер (адзін са стваральнікаў платформы «Голас»), Дзмітрый Лазавік (адвакат МГКА), Вольга Вялічка (дырэктар дзіцячага хоспіса ў Гродне).

Абсалютная большасць кандыдатаў у дэлегаты набралі больш за 100 галасоў, якія неабходны для таго, каб удзельнічаць у першым скліканні «Сходу». На некаторых участках ідзе барацьба паміж некалькімі кандыдатамі.

На платформе пачаў працаваць «Кабінет дэлегата», які дае магчымасць задаць пытанне любому кандыдату і атрымаць публічны адказ. Пытанні і адказы можна пабачыць на галоўнай старонцы сайта. Спадзяемся, гэта дапаможа дэлегатам сфарміраваць павестку.

«Скончыць мы хочам чарговым заклікам прагаласаваць і распавесці сябрам і знаёмым пра платформу»,кажуць удзельнікі праекта. І адказваюць на галоўныя пытанні, звязаныя з ініцыятывай.

Навошта галасаваць?

Дэлегаты «Сходу» будуць адстойваць інтарэсы народа ў вырашэнні актуальных праблем. Галасуючы, грамадзяне Беларусі даюць права дэлегатам публічна выказваць іх меркаванне па найбольш важных для краіны пытаннях. Гэтых пытанняў — думаем, вы з намі згодны — за апошнія месяцы назапасілася дастаткова.

Чым больш галасоў атрымаюць кандыдаты «Сходу», тым больш значнымі будуць рашэнні, якія зробяць дэлегаты, ш тым больш галасоў будзе стаяць за кожнай іх рэзалюцыяй, прапановай, згодай, нязгодай, дзеяннем. Адна справа — гаварыць «ад сябе», і зусім іншая — ад тысячы чалавек. Ці ста тысяч.

Як прагаласаваць?

Для таго, каб прагаласаваць, неабходна ўсталяваць чат-бот платформы «Сход» у Viber або Telegram. Важна: акаўнт павінен быць «прывязаны» да нумара беларускага аператара.

Прагаласаваць можна з любой кропкі Беларусі. Пасля адпраўкі каардынатаў аўтаматычна вызначацца бліжэйшыя віртуальныя ўчасткі з зарэгістраванымі кандыдатамі. Змяняецца вашае месцазнаходжанне — змяняюцца і кандыдаты, за якіх можна прагаласаваць. Прагаласаваць можна толькі адзін раз і за аднаго кандыдата. Змяніць свой выбар можна на працягу ўсяго перыяду галасавання. Для забеспячэння максімальнай празрыстасці і даверу да вынікаў прыняты дадатковыя меры — кожны чалавек можа праверыь, ці ўлічаны яго голас, на адмысловай «Карце падтрымкі» на сайце «Сходу».