«Ёй лепей быць з мамай». У Польшчы распавялі пра стан Анжалікі Борыс, якую перавялі пад хатні арышт
Старшыня непрызнанага беларускімі ўладамі Саюза палякаў Анжаліка Борыс знаходзіцца дома, пад хатнім арыштам. Аб гэтым заявіў сёння на брыфінгу прэс-сакратар МЗС Лукаш Ясіна.
У пятніцу старшыня Саюза палякаў Беларусі Анжаліка Борыс пасля гадавога зняволення выйшла з-пад арышту. Яе затрыманы ў Гродне 23 сакавіка мінулага года, спачатку яна адбыла 15 сутак арышту , а пасля на жанчыну завялі крымінальную справу за «распальванне нацыянальнай і рэлігійнай нянавісці» і «рэабілітацыю нацызму».
За гэта Анжаліцы пагражае ад пяці да дванаццаці гадоў турмы.
Праз два
дні пасля затрымання Борыс таксама затрымалі актывіста СПБ і журналіста Андрэй
Пачобута.
На пытанне на прэс-канферэнцыі ў аўторак аб стане здароўя Анжалікі Борыс Лукаш Ясіна адзначыў, што яна знаходзіцца пад хатнім арыштам. Паводле яго слоў, пасля таго, што Анжаліка перажыла за кратамі, ёй лепш знаходзіцца «хоць бы пад хатнім арыштам, дома ў сваёй мамы, чым у жаночай турме, вельмі цяжкай і вельмі строгай».
«Анжаліка Борыс у дадзены момант знаходзіцца дома. Яна адпачывае і спрабуе набрацца сіл пасля таго, што з ёй здарылася», — сказаў прадстаўнік МЗС.
Адносна Андрэя Пачобута спадар Лукаш Ясіна паведаміў, што «на жаль, я не магу сказаць вам нічога станоўчага ў дачыненні да яго». І дадаў: «Мы стараемся зрабіць усё — і не толькі мы — каб Андрэй уз'яднаўся са сваёй сям'ёй».
Разам з тым у польскім МЗС не маюць ілюзій адносна сутнасці беларускіх уладаў. «Гэты рэжым, мы ўсе ведаем, які ён. Гэта ўдача, што Анжаліка Борыс выйшла на волю, сутнасць беларускага рэжыму гэта абсалютна не мяняе. Ён жорсткі нават у дачыненні да тых, хто да яго далучаецца, як, напрыклад, містэр Эміль Чэчка», — адзначыў Лукаш Ясіна.