«Ён застаецца свабодным нават у турме», — адвакат пра Бабарыку

Сёння, 26 лютага, адвакат наведаў Віктара Бабарыку ў СІЗА КДБ. Высветлілася, што Бабарыку нават не паведамілі пра перапанак у судовым пасяджэнні.

06ce393f_c710_4b90_84ce_1dac484c40f8_w1023_r1_s.jpg

Адвакат Дзмітрый Лаеўскі, які 26 лютага наведаў Віктара Бабарыку ў СІЗА КДБ, паведаміў, што яго падабароннаму нават не абвясцілі пра перапынак у яго судзе.

«Віктар Дзмітрыевіч выдатна трымаецца. Ні прапаганда, ні сфабрыкаваныя абвінавачанні, ні арышт сына і блізкіх людзей, ні пагроза канфіскацыі маёмасці, ні восем месяцаў зняволення — нішто не зламала волю чалавека, ён застаецца свабодным нават у турме, з ясным розумам і верай у дабро», — напісаў Лаеўскі ў сваім тэлеграм-канале.

Прэсавая сакратарка Вярхоўнага суда Юлія Ляскова паведаміла 23 лютага, што працэс Бабарыкі адклалі праз хваробу аднаго з чальцоў суда прыкладна на два тыдні. У папярэднія дні на працэсе зачытвалі абвінавачанні Віктару Бабарыку ды іншым фігурантам справы.

У «справе "Белгазпрамбанка"» праходзяць восем фігурантаў, сярод якіх топ-менеджары банка. Віктар Бабарыка абвінавачваецца ў «адмыванні» сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, паводле ч.2 арт. 235  Крымінальнага кодэкса, і ў атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры — паводле ч.3 арт. 430  (прадугледжана пакаранне ад 5 да 15 гадоў).

Топ-менеджары банка Аляксей Задойка, Кірыл Бадзей, Сяргей Шабан, Дзмітрый Кузьміч, Аляксандр Ільясюк, Сяргей Дабралёт абвінавачваюцца ў атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры. Віктар Кабяк, заснавальнік кампаніі «Актыўлізінг», абвінавачваецца ў даванні хабару паўторна або ў буйным памеры.

З Бадзеем, Дабралётам, Кузьмічом, Ільясюком, Шабаном, Кабяком заключаны дасудовыя пагадненні наконт супрацоўніцтва.