«Ёсць кантакты з грамадзянамі з-за мяжы?» Паглядзіце, якую анкету прапануюць запоўніць на «Брэстэнерга»
Чытач «Еўрарадыё» даслаў у рэдакцыю анкету, якую, па яго словах, загадваюць запоўніць супрацоўнікам «Брэстэнерга». У дакуменце 15 пытанняў.

Пасля звычайных анкетных даных пачынаюцца дзівосы. Напрыклад,
пытанне пра тое, ці падтрымлівае чалавек кантакты з грамадзянамі, якія стала
пражываюць за мяжой, нібыта пераехала ў гэтую анкету з савецкіх апытанак.
Яшчэ адно пытанне датычыцца «дакументаў замежных
краінаў», якія даюць нейкія льготы і прывілеі. Верагодна, маецца на ўвазе «Карта паляка». У верасні 2021 года генпракурор Беларусі Андрэй Швед
называў гэты дакумент «элементам падрыўной дзейнасці».
Таксама ў анкеце трэба ўказаць даныя блізкіх сваякоў. І,
між іншага, распавесці пра крымінальныя справы: па якіх чалавек, якога
апытваюць, праходзіць як падазраваны, а па якіх — як сведка.


