Юлія Чарняўская: «Чаго школа не павінна рабіць дакладна — гэта абслугоўваць»

Культуролаг Юлія Чарняўская выказалася наконт непадаўжэння кантракту гімназіяй з вядомым педагогам.

Юлія Чарняўская 

Юлія Чарняўская 

— Ганне Севярынец не працягнулі кантракт, матываваўшы гэта тым, што школа павінна абслугоўваць ідэалогію — піша Юлія Чарняўская. — Справа нават не ў тым, што шкада дзяцей, шкада Ганну, якая любіць сваю працу і дзяцей, ды і гэтую дурную гімназію, якая страціла выдатнага работніка.

Справа нават не ў тым, наколькі ўсё гэта баязліва і неразумна. Гэта ўсё так, і пра гэта яшчэ будуць пісаць, гаварыць, і Ганна працу знойдзе. Справа ў тлумачэнні: школа павінна абслугоўваць ідэалогію.

Школа павінна даваць веды. Школа павінна гадаваць кампетэнцыі. Школа павінна арганізоўваць як мага больш факультатываў, каб фарміраваць інтарэсы дзяцей. Школа павінна вадзіць у тэатры (на добрыя спектаклі, а не абы на што) і ў музеі (з добрым экскурсаводам). Школа павінна вазіць дзяцей на вандроўкі. Школа павінна берагчы добрых настаўнікаў — гэта яе візітная картка, яе твар. Школа павінна выхоўваць добрых людзей. Шмат рознага павінна школа — так адразу і не пералічыш.

Але вось чаго школа не павінна рабіць дакладна — гэта абслугоўваць. Нікога і нічога, а найперш ідэалогію, якая ў нас па непаразуменні палягае ў дэклараванай любові да першых асобаў і ў трымценні перад імі.

Ідэалогій шмат і розных наогул жа, мы сярод іх жывем, не заўважаючы таго, і дзяржаўная — не адзіная.

Дзяржава існуе не для таго, каб яе любілі. Гэта выкдлючна функцыянальны орган. У самым лепшым выпадку яе можна паважаць. Любіць трэба краіну, калі атрымаецца.

А наогул жа трэба любіць людзей. Я вось люблю Ганну.

Паводле gazetaby.com