Юрась Беленькі: Святкаванне 23 лютага — гістарычны нонсенс

Намеснік старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Юрась Беленькі распавядае, чаму 23 лютага ён ніколі не будзе святкаваць Дзень абаронцаў Айчыны.



208cad9b_fb87_4128_9b91_a5f5b53eb64e_cx20_cy11_cw69_mw1024_s_n_r1_833x400.jpg

— Для мяне ёсць іншае свята — Дзень беларускай вайсковай славы, якое адзначаецца 8 верасня. А Дзень 23 лютага быў унесены ў каляндар святаў бальшавісцкай Расеяй, гэтую дату залілі крывёй, пазначылі нашую краіну шматлікімі Курапатамі. Таму святкаванне такой “падзеі” — гістарычны нонсенс для Беларусі, беларускіх прыярытэтаў і нашага гонару. Зразумела, што сітуацыя — своеасаблівы маркер таго, якая ўлада. Бо, здаецца, што тут святкаваць?! Зрэшты, мяркую, што з цягам часу, пры новай уладзе, святкаванне 23 лютага будзе адменена. Гэта не значыць, што ўсе людзі адмовяцца ад Дня абаронцаў Айчыны, але ж ніхто і не забароніць гэта рабіць. Для многіх на самай справе — гэта традыцыя паўсядзённага жыцця. Але, паўтаруся — зыходзячы з гістарычнай справядлівасці, нам такія святкаванні не патрэбныя, распавёў Юрась Беленькі.

— Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка заявіў, што ён прыняў рашэнне абвясціць Днём абаронцы Айчыны не 23 лютага, а 14 кастрычніка, каля адзначаецца казацкае свята…

— Украіна прыйшла да гэтага праз цяжкі шлях, праз новую агрэсію расейскай імперыі. Гэта паказвае, колькі гадоў спатрэбілася краіне, якая жыве ў юрыдычнай незалежнасці, каб пазбавіцца ад імперскіх рудыментаў. Да такога рашэння прыйшлі на тле вялікай крыві, якую ўчыніла Масква ва Украіне. І сёння, калі б Україна святкавала яшчэ і 23 лютага, то гэта выглядала б проста здзекам з памяці шматлікіх ахвяраў, якія ў апоші год аддалі жыццё за самастойную ад імерыі краіну.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя