Кааліцыя распадаецца

Гомельскія рэгіянальныя структуры руху «За Свабоду», Партыі БНФ і Асамблеі няўрадавых арганізацый заявілі пра выхад з мясцовай кааліцыі дэмакратычных сіл.

15 чэрвеня на прэс-канферэнцыі каардынатар руху «За Свабоду» па Гомельскай вобласці Пётр Кузняцоў растлумачыў гэта рашэнне тым, што частка суб’ектаў рэгіянальнай кааліцыі дэмсіл «вядзе настойлівую агітацыйную працу, якая ідзе ўразрэз з мэтамі і планамі многіх суб’ектаў».

Паводле слоў Кузняцова, прадстаўнікі Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» і Аб’яднанай грамадзянскай партыі распачалі «контрпрадуктыўную агітацыйную кампанію сярод мясцовага дэмакратычнага актыву, якая ўтрымлівае галоўны месідж — давайце не будзем працаваць на выбарах, таму што ў Мінску палітыкі не могуць дамовіцца».
Прадстаўнік Асамблеі няўрадавых арганізацый Галіна Скараход дадала, што апошнім часам каардынацыйны савет рэгіянальных АДС агітуе сябраў былой ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча не ўдзельнічаць у выбарчых кампаніях прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта, якія не прайшлі працэдуру ўзгаднення адзінага кандыдата ад АДС.
Такая пазіцыя была прынята рэгіянальнымі АДС у ліпені 2009 года, і на дадзены момант гэты дакумент застаўся без змяненняў, адзначыла Скараход. Паводле яе слоў, частка суб’ектаў дадзены дакумент не прызнала, паколькі лічыць яго ўтопіяй у існуючых палітычных умовах.
Гэта не першы канфлікт, які адбыўся за апошні час у асяродку гомельскіх дэмакратаў. На мінулым тыдні кіраўніцтва аргкамітэта партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» праз СМІ абвінаваціла Пятра Кузняцова ў подкупе сваіх актывістаў. Пазней гомельскі каардынатар аргкамітэта БХД Канстанцін Жукоўскі абверг інфармацыю пра які-небудзь подкуп актывістаў.
Паводле БелаПАН