Калякін і Лябедзька каля прахадной МТЗ раздавалі інфармацыйныя матэрыялы супраць росту цэн

Акцыя ў межах кампаніі "Стоп цэны", якую праводзіць апазіцыйная кааліцыя "Талака", заняла 15 хвілін. Палітыкі раздалі 250 асобнікаў газеты "Товарищ" і 350 асобнікаў інфармацыйнага бюлетэня АГП "Голос разума" з тэматычнымі матэрыяламі.



belarus_minsk_minsk_tractor_works_1.jpg

"Важна, што людзі бралі газету не толькі для сябе, але і для суседзяў. Людзей цікавяць гэтыя тэмы: рост цэн, зніжэнне ўзроўню жыцця. Таму вельмі важна распаўсюджваць праўдзівую інфармацыю па гэтай праблематыцы", — заявіў БелаПАН Калякін. Паводле яго слоў, людзей цікавіць альтэрнатыўная інфармацыя. "За гадзіну можна раздаць некалькі тысяч асобнікаў. Але мы жывем у рыначнай эканоміцы: на ўсё патрэбны сродкі, а дзяржава робіць так, каб мы не маглі нармальна прадаваць газету. У нас у партыі людзі робяць ахвяраванні на выданне газеты. Частку накладу мы раздаем. Але попыт яўна апярэджвае нашу прапанову. Чаму мы не так шмат раздаем? Недахоп рэсурсаў", — сказаў Калякін.


Лябедзька паведаміў БелаПАН, што акцыя прайшла на пазітыўным фоне. "Людзі бралі некалькі асобнікаў, казалі, што кінуць у скрыні суседзяў. Попыт на інфармацыю ёсць. Пры гэтым бюлетэнь брала не інтэрнэт-публіка. Мяркую, практыкуючы палітык павінен хадзіць на прахадныя", — сказаў ён. Адказваючы на пытанне, чаму апазіцыя, актывісты яго партыі рэдка раздаюць інфармацыйныя матэрыялы, Лябедзька зазначыў: "У мяне ёсць прынцып: перш чым адпраўляць на перадавую сваіх салдат, камандзір павінен сам першым прайсці шлях. Мы маем некаторыя страхі і рызыкі мясцовай кампаніі гэтага года, калі затрымлівалі нават кандыдатаў у дэпутаты. З боку ўлады гэта была гульня супраць усякіх правілаў. Па скрынях мы разносілі інфармацыйныя матэрыялы і дагэтуль. Зараз выходзім на вуліцу. Важна было паспрабаваць, наколькі магчыма зараз ісці да народа. Міміка, погляды людзей, іх рэплікі даюць многае. Трэба ісці на прахадныя, але многае залежыць ад наяўнасці інфармацыйных матэрыялаў, і ў тым ліку ад сродкаў на іх выраб". Сяргей Каралевіч, БелаПАН