Каля 800 беларусаў пераадолелі 100-гадовы ўзрост
682 жанчын і 124 мужчын жывуць сто і больш гадоў. Большасць з беларускіх доўгажыхароў жывуць у Віцебскай вобласці.
Пра гэта паведаміла намеснік старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта Жанна Васілеўская, перадае БЕЛТА.
Такім чынам, Віцебшчына - гэта самы «стары» рэгіён Беларусі. Самы ж «малады» рэгіён - гэта Менск, дзе сярэдні ўзрост жыхароў складае 38,3 года. Доўгажыхароў пры гэтым больш сярод гараджан, чым сярод вяскоўцаў.
Сярэдні ўзрост жыхароў Беларусі сёння складае 40,1 года (37,3 года - у мужчын, 42,5 года - у жанчын). З пачатку 2011 года сярэдні ўзрост беларусаў вырас на паўгода.
Працягласць жыцця беларусаў, па дадзеных афіцыйнай статыстыкі, таксама вырасла за апошнія пяць гадоў (на 4 гады - у мужчын, амаль на 2,5 гады - у жанчын). Так, мужчына пенсійнага ўзросту (60 гадоў) у сярэднім жыве да 75,7 гадоў, жанчына (55 гадоў) - да 81,2 гадоў.
Паводле ej.by