Камунальнікі ў Віцебску зафарбавалі мурал з Багінскай. Тады мастак нагадаў ім пра карму
Графіці, прысвечанае Ніне Багінскай, на сцяне прыватнага дома ў Віцебску праіснавала 48 гадзін, пакуль яго не зафарбавалі. Аўтар працы — мастак Глеб Каштанаў — стварыў на яго месцы новы малюнак. На гэты раз — пра карму для камунальнікаў.

— У гэтай працы я пераключыўся на тэму філасофіі (чалавеку вяртаецца ўсё, што ён зрабіў — і дрэннае, і добрае) і гумару. Зараз такі час, што хочацца, каб арт дастаўляў пазітыў і існаваў доўга, — распавёў TUT.BY Глеб Каштанаў.


У пачатку кастрычніка віцебскі мастак Глеб Каштанаў зрабіў рэмейк карціны Марка Шагала «Прагулка» — з вядомай мінскай актывісткай Нінай Багінскай. Новая версія шагалаўскай працы з'явілася на сцяне будынка на вуліцы 4-й Чкалава, 7. Гэта прыватная тэрыторыя — дом належыць бацьку мастака.

Мурал праіснаваў 48 гадзін: па-над графіці камунальнікі нанеслі шэрую фарбу. Частку працы — партрэт Ніны Багінскай — Глеб Каштанаў ўсё ж аднавіў. Аднак працаўнікі ЖКГ зноў прыйшлі і знішчылі малюнак.
tut.by. Фота прадастаўленыя Глебам Каштанавым