«Камунальшчыкі не рэагуюць». Чарговы скандал у сферы ЖКГ, цяпер у Драгічыне

На гэты раз праблема падтапленняў закранула жыхароў Драгічына. Аказалася, яна існуе не першы год. Выданне bgmedia.site паглядзела, што пра гэта напісалі ў мясцовай раёнцы.

Фота drogichin.by

Фота drogichin.by

У рэдакцыю Драгічынскай газеты жыхары чацвёртага пад'езда дома № 12 па вуліцы Карла Маркса звярнуліся самі. Яны папрасілі агучыць іх шматгадовую праблему з затапленнем склепа і прылеглай да дома тэрыторыі.

Кожны год ранняй вясной або позняй восенню, а таксама пасля выпадзення вялікай колькасці ападкаў жыхары змагаюцца з вадой самастойна. Камунальныя службы не рэагуюць на іх скаргі. З-за пастаянных затопаў склепа людзям няма дзе захоўваць гародніну і кансерваваныя нарыхтоўкі. Волкасць і цвіль распаўсюджваюцца па ўсім падвальным памяшканні і першых паверхах дома.

Акрамя затопленага склепа, жыхары скардзяцца на велізарныя лужыны на паркоўцы. Таму яны не могуць ставіць там машыны. І такая карціна назіраецца амаль круглы год. Усё з-за старых «добрых» ліўнёвак суседняга дома, якія накіраваныя ў двор дома №12. Але яшчэ больш пагаршае становішча той факт, што ўласны калодзеж, куды павінна сцякаць вада, запоўнены смеццем і брудам.

З-за патопу на асноўнай паркоўцы кіроўцы ставяць свае машыны ў «зялёнай зоне». Але і там з'яўляюцца лужыны з брудам. Аўтаматычна двор ператвараецца ў памыйніцу.

Самае цікавае, што на апісанні самой праблемы і скаргаў жыхароў артыкул у газеце сканчаецца. Мясцовая раёнка не ўзяла каментар у адказных за гэтае бязмежжа службаў.


Фота drogichin.by

Фота drogichin.by

Нагадаем, толькі на гэтым тыдні паведамлялася пра тры падтапленні ў Брэсцкай вобласці. У першым выпадку гаворка ішла пра вуліцу і прыватны двор на брэсцкай Дуброўцы. У другім — пра ферму ў Бярозаўскім раёне, якую падтапіла разам з каровамі. Трэці раз — пра могілкі ў Баранавічах.

І пра ўсе тры інцыдэнты стала вядома з сацыяльных сетак TikTok і YouTube. Некаторыя з іх пракаментавалі мясцовыя чыноўнікі, паколькі шакавальныя відэа выклікалі вялікі рэзананс у сацсетках і сабралі кучу каментароў. І толькі пасля гэтага ў мясцовых раёнках з'явіліся артыкулы з каментарамі праблемы з боку прадстаўнікоў лукашэнкаўскай улады.