Канцэрт і сапраўдная магія на плошчы Калеснікавай
Увесь дзень 10 кастрычніка на плошчы Марыі Калеснікавай праходзіліся розныя актыўнасці:
дабрачынны кірмаш, канцэрт гурта «Dzivasil Trio» і выступ
фокусніка-ілюзіяніста Сяргея Лебецкага і шмат іншага.

Кірмаш распачаўся а 15-й гадзіне, гэткі «гаражны распродаж» на які мясцовыя жыхары прынеслі ўласныя рэчы рознага кшталту — кніжкі, цацкі, сувеніры, навагоднія ўпрыгожванні, прадметы рукадзелля і інш.. Кірмаш быў дабрачынным і ўсе атрыманыя грошы пойдуць у фонд для падтрымання плошчы Марыі Калеснікавай.


У 18.30 распачаўся канцэрт музычнага гурта «Dzivasil Trio» — ўнікальнага беларускага музычнага праекта, які аб'ядноўвае ў сабе такія кірункі, як індзі, медзітаціў, эмбіэнт і даўнтемпа. Музыка таямнічая і адначасова яркая, чапляе з першай хвіліны. Ахарактарызаваць яе можна, напэўна, як спалучэнне псіхадэлічнай і медытатыўна-рэлаксуючай музыкі, якая пры гэтым грунтуецца на беларускім фальклоры. Вытанчанае спалучэнне этнічных беларускіх матываў з сучасным гучаннем, жывых інструментаў з электронікай. Папросту космас!

Подпіс да малюнка (калі не змяняць, подпіс будзе выдалены аўтаматычна)
Гурт нядаўна ладзіў выступ на легендарнай плошчы Перамен, а зараз даў шыкоўны канцэрт на плошчы Марыі Калеснікавай. Пры гэтым выканаў адразу некалькі прэм’ерных песень, адна з каторых на купальскую тэматыку. Народ і музыку слухаў, і танчыў ды вадзілі купальскія карагоды. Усе засталіся ад гурта ў шчырым захапленні.

На імпрэзе прысутнічалі не толькі мясцовыя жыхары жылога раёна Дамброўка. Завіталі таксама госці з суседняй Кунцаўшчыны, з Каменнай горкі.


Пасля выступу музыкаў прысутных чакаў розыгрыш прызоў, каб у ім
удзельнічаць квіткі можна было ўзяць непасрэдна падчас кірмашу.
Пераможцу чакаў прыз ад арганізатараў імпрэзы — вялікі тэрмас.
Першапачаткова планавалася, што выступяць таксама беларускія музыкі Алесь Таболіч (лідар гурта Znich) і Аляксандр Памідораў (радыёвядучы і лідар гурта «Pomidor/OFF»). Але перад самым канцэртам стала вядома, што ў іх не атрымаецца прыехаць.

Затое прыехаў прафесійны фокуснік-ілюзіяніст Сяргей Лебецкі. Дзеці былі ў такім захапленні, што часам даводзілася прасіць іх хоць трошкі пасунуцца ад сцэны, бо дзеці часам літаральна аблеплівалі фокусніка, не даючы яму чыніць магію. У захапленні, а дзесьці і здзіўленні знаходзіліся і дарослыя, не даючы веры сваім вачам, бо фокусы былі як вядомыя, так часам і неверагодныя, у прыватнасці — ментальныя. Сярод вядомых былі картачныя фокусы, фокус са з’яўленнем залатой рыбкі ў келіху, фокусы з вяроўкамі, з маніпуляцыямі, з разабраным-сабраным кубікам Рубіка.

Але найбольш здзівіў Сяргей Лебецкі публіку, калі на калькулятары выконваў памнажэнне з лічбаў, якія называлі выпадковыя гледачы з натоўпу, а ў канчатковым выніку атрымалася лічба, якая цалкам супадала з датай правядзення імпрэзы: 10-10-2020. Усе папросту засталіся шакаванымі. І, вядома ж, фокусніка яшчэ доўга не адпускалі дзеці.

І не магчыма не дадаць яшчэ адзін момант. Выпадкова ўсё праходзіла на тле меркаванага буйнога шэсця на Каменнай горцы. У сувязі з чым на раёне стаялі і час ад часу ездзілі аўтобусы без нумароў з «касманаўтамі». Відавочцам атрымалася зафіксаваць, як з дзясятак аўтобусаў стаяла доўгі час у засадзе на скрыжаванні вуліц Лідская–Нёманская. Стаялі паасобку бусы і ў іншых кропках па раёну, у тым ліку недалёка ад самой плошчы Марыі Калеснікавай (на плошчу яны не завітвалі). Інфармацыя пра буйное шэсце на Каменнай горцы была ўкінутая праз тэлеграм-каналы, і сілавікі на яе павяліся.

Усё гэта дазволіла адцягнуць значныя сілы «касманаўтаў» ад галоўнага — жаночага шэсця. За што пазней група ў тэлеграме «Girl Power Belarus» падзякавала: «Ад імя ўсіх жанчын горада Мінска, якія пратэстуюць, хочам выказаць падзяку жыхарам Каменнай горкі, якія сёння ўвесь дзень трымалі ў напружанні алівак, маслін і ўвесь гэты грэчаскі салата, што прыбылі душыць раённы марш!».