«Карціны трэба купляць у жывых мастакоў» – сям’я Захара Кудзіна пра прычыны яго самагубства

Пра абставіны і прычыны самагубства мастака Захара Кудзіна у матэрыяле Радыё Свабода разважаюць ягоныя ўдава і маці, а таксама мастацтвазнаўца, кіраўнік Беларускага Свабоднага тэатру Мікалай Халезін і псіхолаг і псіхатэрапеўтка Вольга Андрэева.

zachar_1.jpg

Сям'я мастака Захара Кудзіна лічыць, што да самагубства яго падштурхнула ў тым ліку і безграшоўе. Апошнія шэсць гадоў за ягоную творчасць расплачваліся пераважна бартэрам, і мастаку не было за што купіць падарункі для дачкі і жонкі напярэдадні навагодніх святаў.
33-гадовы Захар Кудзін пайшоў з жыцця 29 снежня 2019 году. У яго засталіся бацькі, жонка і 5-гадовая дачка. Сямʼя некаторы час не хацела абнародаваць абставіны гібелі, а таксама тое, што стала прычынай. Праз некалькі тыдняў пасля смерці ўдава Тацяна і маці Наталля пагадзіліся распавесці пра тое, як і чым жыў Захар апошнія шэсць гадоў, і што магло падштурхнуць яго да сыходу па ўласнай волі.
Захар Кудзін нарадзіўся ў 1986 годзе. Займаўся жывапісам, скульптурай і дзіджытал-мастацтвам. Свой стыль выпускнік менскага каледжу мастацтваў імя Глебава называў «неўрамастацтвам» – жывапісам уздзеяння, або аб’ектыўным рэалізмам. Быў самым маладым сучасным мастаком у калекцыі Нацынальнага музею. Прадставіў Беларусь на міжнародным біенале ў Пекіне, удзельнічаў у менскім фестывалі Vulica Brasil і ў арт-кірмашы Art Vilnus. Працы Кудзіна знаходзяцца ў прыватных калекцыях Еўропы, Азіі і Амерыкі. У беларускім пракаце ідзе фільм Максіма Шведа «Чыстае мастацтва», дзе граў Захар.

zachar_2.jpg

«Напярэдадні кожнага свята ён хацеў зрабіць нам з дачкой падарункі, але проста не было за што»

Удава Тацяна Кудзін перакананая, што прычынай гібелі мужа стала неацэненасць і адсутнасць аплаты за працу мастака.
– Нават сорамна сказаць, што прапаноўвалі. На творчых імпрэзах аплачваюць працу музыкаў, кухараў, а мастаку прапаноўваюць у найлепшым выпадку заплаціць за фарбы. Адсутнасць аплаты для мастака – вялікая бяда нашага культурнага асяроддзя. Безграшоўе яго вельмі падкошвала. Ён вельмі перажываў, што ня мог утрымліваць сямʼю.
Гэта працягвалася апошнія шэсць гадоў. Калі плацілі, то сімвалічныя грошы. Запрашалі, называлі адну лічбу, а потым казалі, што змяніўся бюджэт, і плацілі ўтрая меней. Напрыклад, за ўдзел у перформансе прапаноўвалі 300 даляраў, а потым казалі: «Вось табе фарбы і 100 даляраў». Пры гэтым у іх быў бюджэт на бар і на іншае. Былі разавыя заробкі, але ён увесь час без грошай сядзеў. Пры гэтым ня мог не працаваць, гэта быў ягоны лад жыцця, ягоная місія.
Захара ў свой час не прынялі ў саюз мастакоў з той фармальнай прычыны, што ў яго не было вышэйшай адукацыі, хаця па мастацкім ўзроўні працаў пытанняў у камісіі не было. Потым умовы прыняцця змянілі, але ён ня стаў звяртацца пасля таго, як атрымаў першую адмову. Ён умеў рабіць многае, але ўсё гэта было звязана з выяўленчым мастацтвам. Ня адзін ён быў у такой сітуацыі. Гэта гора ўсіх масткоў, усіх творчых людзей. На творчасць патрэбныя грошы, а трэба яшчэ за нешта жыць. Ёсць сямʼя, блізкія і родныя, пра якіх хочаш клапаціцца... Так атрымлівалася, што асноўныя грошы ў сямʼі зарабляла я, дапамагалі бацькі, і гэта Захара моцна засмучала. Напярэдадні кожнага свята ён так хацеў зрабіць нам з дачкой падарункі, але проста не было за што.

Мастак з сям'ёй і Андрусем Такіндангам

Мастак з сям'ёй і Андрусем Такіндангам

Што да аплаты працы мастака, то сябры сямʼі распавялі Свабодзе выпадак, калі адзін менскі бар узяў ягоную працу, а замест аплаты прапанаваў на працягу тэрміну экспазіцыі працаў проста прыходзіць і бясплатна выпіваць і есці ў бары. Напярэдадні новага году быў прэцэдэнт: уладальнікі адной кавярні прапанавалі ўпрыгожыць інтэрʼер ягонай працай, і ізноў бясплатна. Паводле сяброў Захара, гэта сведчыць пра стаўленне да працы мастака ў нашым грамадстве.

Маці: Чаму ніхто не падтрымлівае жывога мастака?

Маці мастака Наталля Кудзін мяркуе, што «у такой пазіцыі прыніжанага мужчыны знаходзяцца многія беларускія мастакі».
– На піку папулярнасці фільму «Чыстае мастацтва» Захар ехаў на інтэрвію, і ў яго не было грошай на талончык. Як ён сябе адчуваў пры гэтым? Думаў, мне 33 гады, колькі можна быць такім. Навошта такі бацька, калі ён ня можа набыць цацку дачцэ. Хаця ён быў цудоўным бацькам і даваў сваёй дачцэ самае каштоўнае – свой час.
Гэта яго прыніжала як мужчыну. Я думаю, што ў ягонай пазіцыі прыніжанага мужчыны знаходзяцца многія мастакі, якія як мужчыны прыніжаныя тым, што яны не запатрабаваныя. Яны ня хочуць быць канʼюнктуршчыкамі, ня хочуць маляваць «люцікі-кветачкі» (не хачу нікога гэтым пакрыўдзіць). Ён хацеў рабіць мастацтва дзеля мастацтва, а ня тое мастацтва, якое зразумела кожнаму.
Мой сын быў вельмі адказны, разумны і бязмерна таленавіты чалавек. У яго была маса ідэяў і праектаў. Я лічу, што ягоны ўчынак не звязаны ні з якім эгаізмам, што ён нібыта не падумаў ні пра каго. Ён найхутчэй вельмі добра ўсё ўзважыў...
Апошнім часам яму было невыносна балюча і цяжка жыць з гэтым грузам найперш нерэалізаваных ідэй. Гэта была немагчымасць падзяліцца сваімі справамі і думкамі, сваім светапоглядам, немагчымасць знайсці аднадумцаў. Чалавек знаходзіцца сярод вялікай колькасці людзей і адчувае сябе абсалютна адзінокім. Ён проста ня можа гаварыць пра тое, што яму баліць. Ён бачыць неразуменне, чым ён жыве, куды ірвецца ягоная душа, што ён можа даць гэтаму свету. У яго не было майстэрні апошнім часам, але сын ня мог не пісаць. Ён быў чалавекам іншай фармацыі, іншага светапогляду, магчыма іншай планеты. Захар быў геній. Я бязь цені сумневу гэта сцвярджаю.
Наталля Кудзін звяртаецца да ўсіх творчых людзей, якія апынуліся ў сітуацыі нерэалізаванасці і незапатрабаванасці як яе сын.
– Як маці заклінаю ўсіх, я прашу... Трэба ісці, трэба гаварыць, не замыкацца ў сабе, шукаць шляхі і спосабы, званіць ва ўсе званы. Але так рабіць нельга. Гэта ня выйсце. Трэба стварыць фонд для падтрымкі маладых мастакоў. У Акадэміі выпускаюць мастакоў групамі па 6-8 чалавек, а але займаюцца мастацтвам ня ўсе, таму што яны разумеюць, што не пракормяць сябе творчасцю.
Калі яго ня стала, сябры і знаёмыя прапаноўвалі матэрыяльную дапамогу. Чаму ніхто не падтрымлівае жывога мастака? Ня купіць ягоную працу? Карціны трэба купляць у жывых масткоў. У Захара ёсць праца ў Нацыянальным мастацкім музеі. Сам спосаб перадачы гэтай працы – прыніжэнне мастака. Нацыянальны мастацкі музей мае фонд для закупкі новых працаў, але карціну папрасілі ў дар. Ён пагадзіўся. Так, у яго былі амбіцыі, ён хацеў, каб гэтая праца засталася для наступных пакаленняў. Яны разам з жонкай на руках неслі працу ў музей, бо грошай на грузавое таксі не было, а музей нават не пажадаў прапанаваць транспарт. Ці гэта не прыніжэнне?
Я хачу, каб гэтыя банкі, гэтыя людзі, які купляюць па 10 машынаў, па 50 тэлефонаў, хай бы яны ахвяравалі на фонд падтрымкі маладых мастакоў, каб размяркоўвалі сродкі на тых, каму яны сапраўды патрэбныя. Так было б справядліва і сумленна. Каб нейкую стыпендыю маладым мастакам давалі, хаця б 100 рублёў на хлеб і ваду.... Я хачу, каб нехта выдаў каталог працаў майго сына. Гэта будзе ўнёсак у развіццё ня толькі беларускага і ўвогуле мастацтва.

Халезін: Што не зрабіла беларускае грамадства для таго, каб Захар мог тварыць на карысць гэтага самага грамадства?

Кіраўнік Беларускага Свабоднага тэатру, мастацтвазнаўца Мікалай Халезін ня першы год уздымае тэму падтрымкі маладых творцаў як у Беларусі, так і ў свеце:

zachar_4.jpg

– Калі чалавек сыходзіць з жыцця па сваёй волі, прынята лічыць, што ён ня змог пераадолець нягодаў жыцця – бытавых, асабістых, псіхалагічных. Калі ж з жыцця сыходзіць чалавек творчы, сучаснае грамадства ставіцца да гэтага ці ледзь не як да праявы эксцэнтрычнасці і аднаму з шляхоў творчага пошуку, які абраў для сябе мастак. Але, на самой справе, розніцы ў падобных рашэннях няма, за адным толькі выключэннем – незалежная творчая асоба ў большасці сваёй не ўпісаная ў тыя інстытуцыі, якія змаглі б засцерагчы чалавека ад прыняцця такога рашэння.
У абмеркаванні трагічнай гісторыі Захара Кудзіна мы абавязкова прыйдзем ад прыватнага да агульнага: ад трагедыі аднаго мастака да трагедый сотняў і тысяч творчых асобаў, якія ня маюць магчымасці ўпісацца ў цяперашняе беларускае грамадства.
Члены яго сямʼі распавядаюць пра тое, у якіх фінансавых умовах вымушаныя былі існаваць яны, вымушаны быў існаваць Захар... Вядома, можна дакараць яго, што «не ўладкаваўся на нармальную працу», але ў выпадку, калі мы гаворым пра творчага чалавека – чалавека, таленавітага бясспрэчна, як Захар Кудзін – варта разумець, што сама сутнасць такога чалавека, апантанага рэалізацыяй творчых ідэй, адрозніваецца ад абывацеля, які можа пераступіць праз свае ідэі, і «уладкавацца на нармальную працу». Для дапамогі такім людзям, як і для іх падтрымкі, цывілізаванае грамадства ўжо даўно знайшло інструментар. Але, на жаль, не беларускае.
І тут варта перайсці ад прыватнага да агульнага: чаго не зрабіла беларускае грамадства для таго, каб Захар Кудзін мог тварыць на карысць гэтага самага грамадства? Уласна, нічога. Прасцей пералічыць тыя інстытуцыі, якія ёсць ва ўсім свеце для падтрымкі таленавітых маладых людзей, каб зразумець, чаго няма ў Беларусі.
Практычна ў кожнай краіне ёсць галоўная фінансавая структура ў сферы культуры, арыентаваная на падтрымку таленавітых людзей у краіне. Калі ўзяць Вялікабрытанію, то падобных структуры дзве: Art Council – арганізацыя, якая падтрымлівае творчыя ініцыятывы ўнутры краіны; і British Council – якая падтрымлівае праекты, што папулярызуюць брытанскае мастацтва па-за краінай. Можна запярэчыць: «у нас жа ёсць Міністэрства культуры». Не. Падобныя структуры ня маюць ніякага дачынення да міністэрства культуры, і імі кіруюць не палітычныя прызначэнцы, а эксперты-прафесіяналы ў розных сферах мастацтва.
Экспертныя рады па розных напрамках складаюцца з людзей з бездакорнай прафесійнай і грамадскай рэпутацыяй, і іх галоўнай задачай зʼяўляецца падтрымка тых асобаў і калектываў, якія зьяўляюцца ня толькі найлепшымі на сённяшні дзень у краіне, але і перспектыўнымі. Ці атрымаў бы падтрымку падобнай структуры Захар Кудзін? На мой погляд, безумоўна, калі нават беларускі Нацыянальны музей уключыў адну з яго прац у сваю экспазіцыю.
Ці магчыма падобнае ў Беларусі сёння? Катэгарычна, не. Па адной простай прычыне – асноўны прынцып падтрымкі тых ці іншых творчых асобаў у Беларусі цалкам палітычны. Калі вы не лаяльныя да ўлады, вы не атрымаеце падтрымку ні Міністэрства культуры, ні камітэту пры прэзідэнце па падтрымцы таленавітай моладзі, ні прафесійных творчых саюзаў, якія кормяцца ўсё з той жа прэзідэнцкай рукі.
Акрамя такіх структур, як Art Council і British Council, у Вялікабрытаніі практычна кожная з буйных бізнэс-структур мае свой траст, у які адлічваюцца грошы, якія вылучаюцца на розныя формы падтрымкі людзей мастацтва, навукі або грамадскай дзейнасці. Падобных трастаў тысячы. Самі кампаніі ня могуць паўплываць на тое, як размяркоўваюцца сродкі – гэта права знаходзіцца ў падпарадкаванні апякунскай рады, створанай выключна на прафесійнай аснове – са спецыялістаў і экспертаў. Ці мог бы ў падобных структурах атрымаць падтрымку Захар Кудзін? Безумоўна, так. Па простай прычыне: ён быў чалавекам прафесійным, таленавітым і ініцыятыўным.
Адзін з найбуйнейшых у свеце фондаў, якія падтрымліваюць мастацтва і навуку – раней вядомы як «Фонд Сораса», а цяпер Open Society Foundations – быў выгнаны з Беларусі яшчэ ў канцы 90-х гадоў; дарэчы, як і British Council. А сотні міжнародных фондаў, якія хацелі пачаць працу ў Беларусі, не атрымалі на гэта дазволу. Ці варта працягваць пытацца: ці мог там атрымаць падтрымку Захар Кудзін, працуй яны ў Беларусі? І пакінем за дужкамі дзясяткі тысяч звычайных бізнэсоўцаў, якія падтрымліваюць творчых асоб, дапамагаючы ім фінансава, або купляючы іх працы – гэта зʼява звычайнага свабоднага рынку.
Што зрабіць для таго, каб гэтая трагічная гісторыя не паўтарылася, а смерць Захара не была марнай?Мікалай Халезін тлумачыць, чаму ўзяў для прыкладу такую нябедную краіну, як Вялікабрытанія.
– Толькі як прыклад структурнай працы дзяржавы, якое зацікаўленая ў тым, каб яе інтэлектуальны патэнцыял развіваўся. Да прыкладу, калі нашы ўкраінскія партнёры вырашылі запрасіць спектакль Беларускага Свабоднага тэатру ў Кіеў са спектаклем Burning Doors, яны звярнуліся па фінансаванне ў толькі што створаны Украінскі культурны фонд. Мы змаглі пераканацца, што гэтая структура працуе празрыста, сумленна і прафесійна – мала адрозніваючыся ад сваіх калегаў у Нямеччыне, Італіі або Францыі. За першы год існавання Ўкраінскі культурны фонд падтрымаў 432 творчыя праекты, супрацоўнікі якіх іх рэалізавалі, не задумваючыся аб тым, ці ёсць у іх дома ежа, і ці могуць яны зрабіць хай сціплыя, але падарункі сваім сямейнікам на Каляды.
Неверагодна шкада Захара Кудзіна. Што зрабіць для таго, каб гэтая трагічная гісторыя не паўтарылася, а смерць Захара не была марнай? Любыя структурныя змены ў грамадстве пачынаюцца з грамадскай дыскусіі. І хай яе цяперашняя ўлада імкнецца пазбягаць любым спосабам, яе варта весці – для таго, каб быць гатовым нешта змяніць, калі такая магчымасць зʼявіцца.

Псіхолаг Андрэева: Родным загінулага мастка патрэбная падтрымка. Яны траўмаваныя найбольш

Сямейны псіхолаг і псіхатэрапеўтка Вольга Андрэева звяртае ўвагу на наступныя сацыяльныя і псіхалагічныя аспекты ў гэтай трагедыі:

zachar_5.jpg

– Мы жывем у такой дзяржаве, калі няма асаблівай падтрымкі творчым людзям. Рэалізаваць сябе творчаму чалавеку, асабліва на пачатку, без дадатковай падтрымкі вельмі складана. Ускладняе сітуацыю адсутнасць сапраўднага арт-рынку, а таксама беднасць насельніцтва. Каб купляць карціны, трэба мець грошы. І яшчэ адзін фактар – прэстыжнасць мастацтва, жаданне ўпрыгожыць свой дом арыгіналамі сучасных масткоў. Гэты тры сацыяльныя аспекты ўскладняюць сітуацыю для маладых масткоў у Беларусі.
Калі гаварыць пра псіхалагічныя аспекты, вылучу некалькі складаных момантаў. Тэма, знаёмая любому псіхолагу ці псіхіятру, гэта адаптацыя. На жаль, у творчых людзей часта вельмі нізкі ўзровень сацыяльнай адаптацыі. Яны знаходзяцца ў палоне сваіх уяўленняў пра свет, пра свой талент, яны ня думаюць пра тое, што перад кожным чалавекам стаіць задача быць адаптаваным да свету, у які ён прыйшоў. Як бы мы яго не крытыкавалі, іншага свету ў нас няма.
Спосабы адаптацыі розныя, і любы дарослы чалавек павінен разумець, што ён адказвае за тое, ці будуць у яго грошы на ўтрыманне сябе і сямʼі, ці ня будуць. Ёсць маса цудоўных прафесій, якія не дазваляюць людзям трымацца. Найперш гэта творчыя прафесіі. Але нават калі чалавек выбірае прафесію лекара і ідзе ў медычны ўніверсітэт, ён таксама сутыкнецца з дрэннай аплатай сваёй працы і нізкім узроўнем жыцця.
Калі я кансультую маладых людзей наконт выбару прафэсіі, акрамя таго, што ім цікава, якія ў іх здольнасці, я задаю два пытанні – што ты ведаеш пра запатрабаванасць гэтай прафесіі на рынку працы і як гэтая праца аплачваецца. Гэтыя два фактары павінны ўлічвацца. Мастакі, музыкі, творчыя людзі трапляюць у вельмі складаную сітуацыю. І слушна гаварыць пра нейкія альтэрнатыўныя крыніцы даходу. Некаторыя творчыя людзі гэта знаходзяць, каб пратрымацца. З моладдзю трэба абавязкова абмяркоўваць тэму сацыяльнай адаптацыі.
Важны псіхалагічны аспект – увага да псіхічнага, эмацыйнага здароўя чалавека. На жаль, мужчын выхоўваюць так, што яны схільныя ігнараваць сваё псіхічнае здароўе. Я маю на ўвазе не сямʼю, не бацькоў, а гендарныя ўстаноўкі ў грамадстве ў цэлым. Хлопчык ня схільны быць уважлівым да свайго здароўя ў дзяцінстве, і гэтая мадэль у дарослым жыцці паўтараецца. Часта маладыя мужчыны пазбягаюць сітуацый, дзе яны маглі б атрымаць дапамогу, таму што яны не ўмеюць клапаціцца пра сваё здароўе.
Гэта ня толькі псіхалагічная, але і сацыяльная праблема. Мужчыны павінны разумець, што іх здароўе мае каштоўнасць і для іх саміх, і для іх родных. І гэта іх пэўная адказнасць. І так атрымліваецца, што мужчына застаецца бездапаможным, не ўсведамляе, што ў яго дэпрэсія ці іншае расстройства, спрабуе з гэтым змагацца, але рэсурсаў не хапае.
У той сітуацыі, якая склалася сёння, родным загінулага мастка патрэбная падтрымка. Яны траўмаваныя больш за любога з нас. І самае жахлівае, з чым сутыкаюцца родныя чалавека, які сышоў з жыцця па ўласнай волі, гэта абвінавачванні, што не даглядзелі, не пабачылі нешта, недастаткова падтрымалі. Я думаю, што ня ўсё ад іх можа залежыць. Калі блізкі чалавек такім драматычным спосабам сыходзіць з жыцця, ён прыносіць шмат болі, і ягоныя блізкія маюць патрэбу ў падтрымцы і ўвазе. Яны нясуць свой боль да канца...