Карэспандэнт АНТ стаў галоўным рэдактарам «Прэсбола». З газеты звольніўся вядомы журналіст

Адразу дзве важных падзеі адбыліся ў чацвер у «Прэсболе» — самай папулярнай спартовай газеце Беларусі. Новым галоўным рэдактарам выдання стаў Сяргей Лісічкін, а пра свой сыход з «ПБ» абвясціў журналіст Сяргей Мордасевіч.

pressbol_pervaya_polosa1.jpg

Сяргей Лісічкін, які працаваў раней карэспандэнтам тэлеканала АНТ стаў ужо трэцім галоўным рэдактарам «Прэсбола» ў гэтым годзе. Раней газету пакінулі Сяргей Кайко і Дзмітрый Герчыкаў.
На АНТ Лісічкін з'яўляўся аўтарам спартыўных праграм. Ён адзін з стваральнікаў фільма пра футбаліста Аляксандра Пракапенку і аўтар рэпартажаў.
Калектыў рэдакцыі раней актыўна прапаноўваў кандыдатаў на пасаду галоўнага рэдактара з ліку сваіх журналістаў, аднак не знаходзіў разумення ў Беларускай федэрацыі футбола, якая з 2013 года з'яўляецца адным з заснавальнікаў ТАА «Прэсбол-91» як юрыдычная асоба.
Да прызначэння Сяргея Лісічкіна газета на працягу некалькіх выпускаў выходзіла без галоўнага рэдактара. Такое з «Прэсболам» здарылася ўпершыню за амаль 30-гадовую гісторыю выдання.
Таксама сёння стала вядома аб сыходзе з газеты аднаго з самых папулярных журналістаў — Сяргея Мардасевіча. Ён пісаў пра футбол і гандбол.
«Рашэнне аб сыходзе з "ПБ" спела ўжо даўно, аформілася ў заяву больш за месяц назад і ўступіла ў сілу ў панядзелак. Апошнія навіны толькі пераконваюць, што ўсё зроблена правільна», — напісаў Мардасевіч на сваёй старонцы ў Facebook.
tut.by