Касцёл чакае выдзялення зямлі для будаўніцтва тэалагічнай акадэміі
Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў Беларусі чакае, што на працягу наступнага тыдня ўлады Мінска прымуць рашэнне аб выдзяленні зямлі для будаўніцтва тэалагічнай акадэміі.
Часовы выканаўца абавязкаў прэс-сакратара Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў ксёндз Юрый Санько паведаміў БелаПАН, што афіцыйны запыт з просьбай аб выдзяленні зямлі быў
накіраваны ў Мінгарвыканкам каля двух тыдняў таму.
Ініцыятарамі стварэння ў беларускай сталіцы каталіцкі тэалагічнай акадэміі выступілі беларускія біскупы, аднак ідэю вылучыў кардынал Тарчызія Бертоне, які ў 2008 годзе наведаў Беларусь у якасці
дзяржаўнага сакратара Святога прастола. "Таму, думаю, з 2008 года мы і носім у сэрцы надзею на тое, што гэта здарыцца", — сказаў Санько.
Зарэгістраваць уласную ВНУ Рымска-каталіцкі касцёл у Беларусі спрабаваў тройчы. Дакументы на рэгістрацыю Мінскай тэалагічнай акадэміі імя святога Іаана Паўла ІІ былі падпісаны 17 лютага гэтага
года.
Тэма падрыхтоўкі каталіцкіх святароў у Беларусі была закранута на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з дзяржсакратаром Святога прастола кардыналам П'етра Паралінам 13 сакавіка ў
Мінску. Тады афіцыйны лідар выказаў пажаданне мець у Беларусі больш мясцовых каталіцкіх святароў. "Мы не пераводзім рашэнне гэтай праблемы ў плоскасць выключна Ватыкана. Мы разумеем: каб
мець святароў-католікаў беларускага паходжання, трэба іх проста рыхтаваць у Беларусі", — заявіў Лукашэнка. Пры гэтым ён зазначыў, што будаўніцтва ў Беларусі адукацыйнай акадэміі
было яго ініцыятывай.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН