Казацкая шабля папоўніць фонды Музея Беларускага Палесся
Казацкая шабля 17-га стагоддзя ды рэшткі старадаўняй жывёлы, знойдзеныя ў час рэканструкцыі Пінска да берасцейскіх “Дажынак–2014”, захоўваюцца ў Музеі Беларускага Палесся.
Фота p-v.by
Паводле папярэдняй версіі археолага, прафесара Пятра Лысенкі, косткі належаць першабытнаму быку — туру, а шабля — паўстанцу ўкраінскага гетмана Багдана Хмяльніцкага.
Пакуль экспанаты не могуць папоўніць музейныя фонды. У Менску праходзіць навуковая экспертыза костак, а на шаблю трэба аформіць неабходныя дакументы. Намесніца дырэктара музея Святлана Лазюк адзначае, што гэта вымагае шмат часу:
— Усё тое, што раскапаў Лысенка, усе археалагічныя знаходкі, пазней атрымае музей пасля дадатковай навуковай апрацоўкі. Хоць экспанаты і захоўваюцца ў нас, але інстытут павінен даць дазвол, і толькі тады экспанаты афіцыйна перададуць нам. А гэта працяглы працэс, на жаль.
Пётр Лысенка ўважліва сочыць за будаўнічымі працамі ў гістарычным цэнтры горада над Пінай. Ён перакананы, што дзядзінец палескай сталіцы захоўвае шмат таямніц.
Вельмі сімвалічна, бо шабля будзе захоўвацца ў будынку, каля якога яе знайшлі, і верагодна, што тут жа загінуў яе ўладальнік у час змагання за Пінск у палове 17-га стагоддзя. Жыхары горада над Пінай падтрымалі паўстанне казацкага гетмана Багдана Хмяльніцкага. Крыніцы сведчаць, што менавіта ў езуіцкім калегіуме казакі трымалі моцную абарону. Святлана Лазюк гэтаму не здзіўляецца. Будынак будавалі з улікам магчымых вайсковых падзей:
— Рэч у тым, што калегіум будаваўся не толькі як школа манахаў, кляштар, але і фартыфікацыйнае збудаванне. Бо ўсе каменныя збудаванні 16–18 стагоддзяў — гэта і фартыфікацыйныя збудаванні. У выпадку вайны, асады яны маглі прымаць асаду.
Паводле Беларускае Радыё Рацыя