«Кажуць, так можна чацвёра сутак стаяць». У БХМД канваіраў сапраўды пакінулі без крэслаў

Па "Тэлеграме" другі дзень гуляе гісторыя пра тое, як дактары не далі крэслаў канвойным міліцыянерам, якія вартавалі збітага мужчыну. Больш за тое: адзін з дактароў, убачыўшы міліцыянераў, стаў на калені тварам да сцяны, з рукамі за галавой, і сказаў: "Кажуць, так можна чацвёра сутак стаяць". У Еўрарадыё атрымалася спраўдзіць, што гэтая гісторыя была на самай справе.

wefwefwef.png


Да паведамлення прымацаванае фота экрана з анамнезам: маўляў, пацыент скардзіўся, што 18 кастрычніка, у дзень вялікага пратэставага маршу, яго збілі супрацоўнікі міліцыі.
Гісторыя падобная на матывацыйны фэйк. А згаданы ў анамнезе мяшок на галаве прымушае сумнявацца ў ёй яшчэ больш. Бо ў гэтым няма сэнсу: людзі расказваюць, як іх збіваюць пры затрыманні і без усялякіх мяшкоў. А такіх выпадкаў, каб чалавека вазілі па Мінску з мяшком на галаве, у перыяд пасля выбараў амаль не было.
Аднак, нягледзячы на ўсе сумневы, у Еўрарадыё атрымалася пацвердзіць, што гісторыя адбылася ў сапраўднасці.

Скрыншот з ТГ-канала "Белые халаты"

Скрыншот з ТГ-канала "Белые халаты"


У Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі нам пацвердзілі, што загадчык аддзялення і міліцыянеры сапраўды паспрачаліся пра крэслы. Мы даведаліся імёны медыкаў, якія так выказалі свой пратэст.
— Там былі настроены іх [міліцыянераў. — Еўрарадыё] наогул вытурыць, але не атрымалася. Крэслы пазабіралі, каб яны не сядзелі. Міліцыянеры нават выклікалі свайго начальніка, які туды прыязджаў і разбіраўся. Чалавека, якога прывезлі міліцыянеры, медыкі вырашылі не аддаваць і трымаць да апошняга, каб ён зноў не трапіў ім у рукі, — расказвае Еўрарадыё медык.
Па словах фельчара хуткай дапамогі, якая мае зносіны з супрацоўнікамі БХМД, абстаноўка там цяпер напружаная.
— Цяпер ідуць рэпрэсіі. У БХМД кіраўніцтва складае спісы тых, хто ходзіць "за апазіцыю", каб з імі не працягваць кантракт. Там цяпер на іх ідзе ціск па поўнай, — расказвае доктар.Таксама медыкі БХМД выразна пазначалі сваю пазіцыю, выходзячы на мірныя акцыі супраць гвалту і ў знак салідарнасці з народам. Некаторыя медыкі пасля акцый пратэсту былі затрыманыя і асуджаныя.