КДК выявіў пратэрмінаваныя прадукты ў крамах Брагінскага райспажыўтаварыства

Камітэтам дзяржкантролю падчас пазапланавай праверкі Брагінскага раённага спажывецкага таварыства ва ўсіх 15 гандлёвых аб'ектах устаноўлены розныя парушэнні заканадаўства.



phphak4uu.jpg

У 10 магазінах парушаліся санітарныя нормы і правілы пры рэалізацыі харчовых тавараў. У сямі магазінах у продажы знаходзілася 26 найменняў тавараў са скончаным тэрмінам прыдатнасці ад некалькіх сутак да 20 дзён.
 

Як паведамілі БелаПАН у КДК Гомельскай вобласці, ва ўніверсаме "Брагінскі" ў продажы было тры найменні тавараў са скончаным тэрмінам прыдатнасці, парушаліся санітарныя нормы і правілы, адсутнічалі маркіравальныя ярлыкі на расфасаваным у спажывецкую ўпакоўку тавары, не на ўвесь тавар былі прымацаваны ярлыкі цэн, а прыбор для праверкі сапраўднасці акцызных і спецыяльных марак на тытунёвых і алкагольных вырабах адсутнічаў.
 

Прадукты са скончаным тэрмінам прыдатнасці выявілі і ў іншых магазінах Брагіна, а таксама гарадскога пасёлка Камарын. У брагінскім рэстаране "Бярозка" ўстаноўлены факты выпрацоўкі замарожаных паўфабрыкатаў без адпаведнага абсталявання і прыбораў. Для вытворчасці кулінарных вырабаў былі выкарыстаны сасіскі са скончаным тэрмінам прыдатнасці.
 

Паводле вынікаў праверкі КДК да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 31 службовая асоба больш як на 14 млн. рублёў. Райспажыўтаварыства аштрафавана на 9 млн. рублёў, а 52 работнікі таварыства прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.

Алена Германовіч, БелаПАН