«Кіберпартызаны» ўзламалі праўладны сайт і павіншавалі полк Каліноўскага
Аб узломе сайта рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання «Добраахвотнае таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту Рэспублікі Беларусь» (ДТСААФ) паведаміла група ананімных хакераў «Кіберпартызаны», піша «Позірк».
На галоўнай старонцы сайта было размешчана віншаванне палку Каліноўскага з двухгоддзем стварэння. “Мы ўпэўненыя, то полк стане асновай войска свабоднай Беларусі — такой, якой яна павінна быць у незалежнай краіне”, — гаворыцца ў заяве “Кіберпартызан” з нагоды ўзлому.
Зараз сайт ДТСААФ недаступны.
ДТСААФ узначальвае 72-гадовы Іван Дырман — намеснік міністра абароны па ўзбраенні ў 2004—2012 гадах. 9 кастрычніка 2023 года Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў яго ордэнам Працоўнай славы — за “шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, асабістыя заслугі ў сферы дзяржаўнай і грамадскай дзейнасці, умацаванні правапарадку і абараназдольнасці дзяржавы”.
24 лютага, за дзень асноўнага галасавання на выбарах у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя Саветы, у Мінску была ўзламаная сетка публічных экранаў, на якіх з’явіўся відэазапіс звароту Святланы Ціханоўскай з нагоды гэтай кампаніі. Адказнасць узяло на сябе аб’яднанне былых сілавікоў BelPol.