Кікбаксёр Віталь Гуркоў перамог у Кітаі
Перад турнірам Віталь Гуркоў моцна захварэў, трэніраваўся з тэмпературай 38.
![1fed4db9_ce94_40fa_8359_f7bb22536cb6_cx0_cy3_cw0_w1023_r1_s.png 1fed4db9_ce94_40fa_8359_f7bb22536cb6_cx0_cy3_cw0_w1023_r1_s.png](/img/v1/images/1fed4db9_ce94_40fa_8359_f7bb22536cb6_cx0_cy3_cw0_w1023_r1_s.png?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Тытуляваны беларускі кікбаксёр Віталь Гуркоў стаў пераможцам прадстаўнічага міжнароднага турніру ў вагавай катэгорыі да 75 кілаграмаў паводле адной з самых прэстыжных арганізацыяў кікбоксінгу Kunlun Fight.Спаборніцтвы адбыліся ў кітайскім горадзе Ухань 5 лістапада, паведамляе «Радыё Свабода».
Беларус правёў за адзін вечар тры двубоі, у якіх перамог двух кітайскіх кікбаксёраў, а ў фінале — іранца Хусэйна Карамі.
Паводле журналіста Яўгена Валошына, перад турнірам Віталь моцна захварэў, трэніраваўся з тэмпературай 38. «За дзень да вылету было 37,5. Але Гуркова гэта не бянтэжыла», — паведаміў Валошын.
На рахунку 32-гадовага беларуса, які апошнія тры гады спявае ў рок-гурце Сяргея Міхалка “Brutto”, 9 перамог у чэмпіянатах свету па кікбоксінгу паводле чатырох розных версіяў. На рынг ён рэгулярна выходзіць пад беларускімі нацыянальнымі сімваламі — бел-чырвона-белым сцягам і «Пагоняй».