Кіраўніцтва ТБМ таксама атрымала медалі Рады БНР

У савецкія часы пра такое казалі: «Узнагарода знайшла герояў». Але знайшла яна іх раней, а вось уручыць медалі Рады БНР атрымалася толькі зараз, калі Мінск наведаў Мікола Пачкаеў.

troe_20190826_144229_logo.jpg


Мікола Пачкаеў — старшыня Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі. Але адначасна ён з’яўляецца і намеснікам старшыні Рады БНР. І наведаў ён радзіму менавіта ў другой сваёй якасці — каб уручыць медалі БНР кіраўніцтву Таварыства беларускай мовыАлене Анісім і Алегу Трусаву.

Як вядома, Рада БНР — гэта такі своеасаблівы беларускі дэмакратычны ўрад у выгнанні. Паводле статуту Рады, яе паўнамоцтвы трываюць да сумленных выбараў у Беларусі і, адпаведна, перадачы іх ураду дэмакратычнай Беларусі. У наш час Рада БНР можа лічыцца дзяржаўнай інстытуцыяй у выгнанні.

Раней, калі Беларусь была часткай СССР, Рада была органам, які даводзіў да міжнародных структураў беларускае бачанне сітуацыі. Зараз жа і афіцыйны Мінск можа стасавацца праз дыпламатычныя місіі з усім сусветам, і беларуская апазіцыя таксама не мае праблемаў з міжнароднымі кантактамі. Але Рада БНР усё ж працягвае працаваць на карысць Беларусі. Адна з такіх працаў — гэта заснаванне медаля да стагоддзя БНР.

Гэта, па словах Мікола Пачкаева, важная функцыя — публічнае адзначэнне выбітных беларусаў. «На апошняй сесіі Рады было пэўнае засмучэнне палітыкай узнагароджвання, што ажыццяўляецца ў Беларусі. Гэтае засмучэнне ў нас трывае ад 1994 года. Мы ведаем, што ў нас дзяржаўныя ўзнагароды атрымліваюць такія фігуры, як Кадыраў. Але гэта яшчэ не горшае. Па меркаванні Рады, горш тое, што не ўзнагароджваюцца тыя аб’ектыўна заслужаныя беларусы, якія ў любой іншай нацыянальнай дзяржаве павінны былі быць узнагароджаныя. Прычым, пытанне не толькі пра грамадскіх дзеячаў, але, напрыклад, і пра дзеячаў культуры», — сказаў прадстаўнік Рады БНР.

Мікола Пачкаеў

Мікола Пачкаеў


«На наш погляд, беларускія культурныя дзеячы, якія дэманструюць сваю грамадскую пазіцыю, не прызнаюцца дзяржавай так, як іх калегі, якія займаюць праўрадавыя пазіцыі. Таму, на наш погляд, існуе пэўная палітычная дыскрымінацыя, мы мяркуем, што гэтая дыскрымінацыя менавіта з прычынаў грамадскай пазіцыі», — зазначыў ён.

Каб выправіць гэтую сітуацыю, Рада БНР і заснавала медаль з нагоды 100-годдзя БНР. Узнагарода надаецца на адзначэнне стогадовага юбілею БНР і асаблівых заслугаў на карысць увасаблення ідэалаў 25 сакавіка. На думку Рады БНР, ідэалы 25 сакавіка — гэта ўсталяванне нацыянальнай беларускай дэмакратычнай дзяржавы, незалежнасць якой не была б у небяспецы.

Гэтым медалём ужо ўзнагароджаныя розныя людзі — і тыя, хто пэўны час правёў за кратамі, і тыя, хто ўсё жыццё працавалі ў сваёй прафесійнай якасці. Але агульнае, што іх яднае — пажыццёвыя альбо іншыя вельмі значныя заслугі ў нейкай галіне, якая ўвасабляе ідэалы БНР.

Кола ўзнагароджаных — вельмі шырокае. Гэта і ветэраны паваеннага антысавецкага падполля, і, напрыклад, дэпутаты 12-га склікання, што актыўна працавалі над пытаннем прыняцця Дэкларацыі аб незалежнасці Беларусі, і замежнікі, што спрыялі беларускай справе, і шмат хто яшчэ.

Напрыклад, Мікалай Пачкаеў 22 жніўня ў сядзібе Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» ўручыў медалі да стагоддзя БНР старшыні Згуртавання Алене Макоўскай і старшыні Рады «Бацькаўшчыны» Ніне Шыдлоўскай за заслугі ў папулярызацыі беларускай мовы і культуры.

Поўны спіс узнагароджаных, па словах спадара Пачкаева, не агучваецца, бо некаторыя з гэтых людзей жывуць у краінах (прытым, як ён адзначыў, гэта не толькі Беларусь), у якіх падобная ўзнагарода ўладамі «не вітаецца». Але пры гэтым ён сказаў, што чатыры пятых ад агульнай колькасці ўзнагарод уручаюцца тым, хто жыве ў Беларусі, і толькі пятая частка — тым, хто знаходзіцца за мяжой.

Цікавае і пасведчанне, што выдаецца ўзнагароджаным, а дакладней — яго пячатка. Гэта тая самая пячатка, якой у 1943 годзе старшыня Рады БНР Васіль Захарка перадаў свае паўнамоцтвы Ларысе Геніюш і Міколе Абрамчыку. Гэтую самую пячатку мы бачылі і на пасведчанні Янкі Філістовіча.

Некаторыя звяртаюць увагу, што адбітак гэтай пячаткі атрымліваецца «размытым». Такі адбітак звязаны не са «сталасцю» пячаткі. Рэч ў тым, што яна не была прызначаная для таго, каб яе адбітак ставіўся на паперу. Кажучы сучаснай моваю, гэта 3D-пячатка, адбівацца яна павінна была на воску альбо сургучы. Аднак ані ў архівах Рады, ані ў гісторыі БНР не зафіксавана ніводнага выпадку, калі яна ставілася на сургуч. І Рада БНР вырашыла не адыходзіць ад практыкі, якая склалася, — пасведчанні аб узнагароджванні замацаваныя гэтай пячаткай.


А пасля непрацяглага экскурсу ў гісторыю ўзнагароды былі прышпіленыя на лацканы герояў.

Алег Трусаў адзначыў, што для яго гэта — другі медаль, ім атрыманы. Першы — гэта залаты медаль у школе. І таму яму вельмі прыемна прыняць гэтую ўзнагароду.

А вось для Алены Анісім гэты медаль — трэці. Яна атрымала не толькі школьны медаль, але і нейкі медаль прафсаюзны.


Калі Беларусь урэшце стане дэмакратычнай дзяржавай, і Рада БНР перадасць свае паўнамоцтвы дэмакратычнай і нацыянальнай (па сутнасці, а не па форме) уладзе, то, па меркаванні намесніка старшыні Рады БНР, адной з умоваў перадачы гэтых паўнамоцтваў будзе прызнанне ўзнагароды БНР на ўзроўні дзяржаўнай.