Кіраўнік дэпартамента па авіяцыі заявіў, што даныя з борта Ryanair, верагодна, не захаваліся

Беларусі да гэтага часу не далі неабходныя даныя з борта Ryanair, верагодна, яны не захаваліся, заявіў дырэктар дэпартамента па авіяцыі міністэрства транспарту і камунікацый Арцём Сікорскі.

bez_nazvanija_69.png


"Мы напісалі ліст у адрас прэзідэнта Савета Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ІКАО), генеральнага сакратара, а таксама кіраўніка следчай групы ІКАО, які праводзіць расследаванне пра пасадку ў Мінску самалёта Ryanair. У гэтым лісце мы звярнулі ўвагу на шэраг фактаў. Мы накіравалі шэраг запытаў на прадастаўленне аб'ектыўнай інфармацыі з борта паветранага судна ў Ірландыю і Польшчу. Да цяперашняга часу сродкі аб'ектыўнага кантролю не паступілі да нас. Таму мы звярнуліся ў ІКАО", — адзначыў Сікорскі. Яго цытуе дзяржагенства БелТА ў пятніцу.
Паводле яго слоў, у Беларусі працягваецца расследаванне інцыдэнту з самалётам Ryanair. "У Беларусі ў рамках створанай камісіі Дэпартамента авіяцыі і Следчага камітэта праводзіцца расследаванне, і нам неабходныя сродкі аб'ектыўнага кантролю. Мы выказалі свае засцярогі ў гэтым лісце, агучылі сваё меркаванне, што даныя, якія нам неабходныя, не захаваліся ў кампаніі. ІКАО павінна была звярнуцца да кампаніі, каб тыя захавалі ўсе даныя з гэтага борта. Для нас расшыфроўка важная дэталямі: чаму самалёт не пачаў зніжацца да самай мяжы, чаму абраў аэрапорт у Мінску, бо мусіў ісці ў Вільню, як паводзілі сябе бортправаднікі і пасажыры ў момант аб'явы аб тым, што самалёт сядзе ў Мінску", — адзначыў дырэктар дэпартамента.
"Беларусь падала ўсе даныя аб'ектыўнага кантролю для расследавання гэтага выпадку. Мы ж не атрымалі нічога, што неабходна нам", — падкрэсліў Сікорскі.
Як паведамлялася, 23 траўня ў аэрапорце Мінска здзейсніў вымушаную пасадку самалёт Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільню. Авіякампанія паведаміла, што самалёт прызямліўся ў Мінску, бо беларускія авіядыспетчары інфармавалі аб патэнцыйнай пагрозе на борце лайнера. Інфармацыя аб мініраванні самалёта пасля не пацвердзілася.
Журналіст Раман Пратасевіч, які ляцеў гэтым рэйсам, пасля пасадкі самалёта ў Мінску быў затрыманы, была таксама затрыманая яго сяброўка, студэнтка Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта ў Вільні, грамадзянка Расіі Сафія Сапега.
interfax.by