Кіраўнік гомельскай міліцыі папрасіў прабачэння ў глуханямых, якіх брутальна затрымаў АМАП
Кіраўнік гомельскай міліцыі на загад міністра Юрыя Караева папрасіў прабачэння ў гомельскіх глуханямых. Братоў Больбухаў 19 чэрвеня брутальна затрымаў АМАП на «ланцугу салідарнасці», паведамляе Радыё Свабода.

Яўген Русакевіч, старшыня Гомельскага абласнога аб’яднання Беларускага таварыства глухіх, патлумачыў, што сёння прадпрыемства «ВІПРА», дзе працуюць браты Больбухі, наведаў начальнік УУС Гомельскага аблвыканкаму Аляксандр Васільеў. Ён прасіў у хлопцаў прабачэння за затрыманне супрацоўнікамі АМАП у Гомлі.
«Сказаў, што міліцыя не ўлічыла, што браты – інваліды па слыху, татальна глухія, таму адбылося непаразуменне. Васільеў сказаў, што каб ведалі, што яны татальна глухія, то, канечне, не чапалі б іх», – удакладніў Русакевіч.
Ён дадаў, што гаворкі пра магчымы суд па складзеных пратаколах не было.

Андрэй Больбух зазначыў у размове з журналістамі, што тыдзень надта перажываў, пасля таго як быў затрыманы і правёў ноч у ІЧУ, а цяпер нарэшце супакоіўся.
«Мая душа спакойная, усё нармальна. Я задаволены, што так здарылася і ўсё добра скончылася», – сказаў Андрэй. Ён дадаў, што ў ізалятары яму было «трохі страшна», і лічыць, што не парушаў закон.

Віталь і Андрэй сказалі, што будуць гуляць па цэнтры гораду, але «асьцярожна», а ў дэманстрацыях удзельнічаць ня будуць.
«Я атрымаў задавальненне, што перада мной папрасілі прабачэння», – сказаў Андрэй. Ягоны брат Віталь дадаў, што «з міліцыяй звязвацца ня будзем, будзем бокам абыходзіць».