Кіраўнік мінскай міліцыі не папрасіў прабачэння за штурм кватэры педыятра

Мінскі лекар-педыятр Дзмітрый Серада 7 верасня прыйшоў на асабісты прыём да кіраўніка сталічнай міліцыі Аляксандра Барсукова. Прыём доўжыўся больш за паўтары гадзіны, піша tut.by.

Фота: spring96.org

Фота: spring96.org


Дзмітрый Серада атрымаў вялікую вядомасць, калі сталічны АМАП 4 жніўня штурмам узяў яго кватэру, разбіўшы шыбы і дзверы. Самога лекара педыятра жорстка затрымалі, яго сям'я была шакаваная дзеяннямі міліцыі. Мужчыну падазравалі ў эксгібіцыянізме. Аднак выявілася, што міліцыянты памыліліся: нават пацярпелыя не апазналі яго.
На сённяшнім прыёме ў Барсукова педыятр спадзяваўся атрымаць прабачэнні. Аднак кіраўнік ГУУС МІнгарвыканкама прапанаваў яму дачакацца, пакуль Следчы камітэт пасля сваёй праверкі дасць ацэнку дзеянням міліцыянтаў. Серада не змог даведацца, ці вядзе міліцыя ўнутраную праверку па яго выпадку: «Мне сказалі, што праверка можа праводзіцца і месяц, і два — толькі па яе выніках будзе вырашацца пытанне аб пакаранні супрацоўнікаў АМАП».
Геенерал-маёр міліцыі папракаў лекара за тое, што той нібыта «ладзіць палітыку і запрашае журналістаў».
Разам з тым Барсукоў паведаміў, што Серада можа звярнуцца ў міліцыю, каб адрамантаваць пашкоджаныя шыбы і дзверы ў кватэры.
Пасля візіту да кіраўніка сталічнай міліцыі Серада кажа, што так і не ведае нічога наконт праверкі дзеянняў міліцыі падчас штурму. Таксама ён не ведае пра свой статус у рамках той крымінальнай справы, па якой яго затрымоўвалі. Аднак на 8 верасня ў Следчы камітэт запрасілі яго і яго прыяцеляў, якія рыбачылі за 80 км ад Мінска ў момант злачынства, у якім міліцыя падазравала Сераду. Мэта выкліку невядомая.
Паводле euroradio.fm