Кіраўнік незалежнага прафсаюзу РЭП Фядыніч пакінуў пасаду

Генадзя Фядыніча на пасадзе старшыні незалежнага беларускага прафсаюзу работнікаў Радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) замяніла Зінаіда Міхнюк​. Адпаведнае рашэнне прынялі 22 лістапада на пашыраным пасяджэнні рады РЭП, паведамляе svaboda.org.

583433bc_6f3a_4295_8279_d708d3a2e2c6_w1023_r1_s.jpg


Яно стала вымушаным, паколькі судовая пастанова забараняе Фядынічу займаць кіроўныя пасады тэрмінам на 5 гадоў.
9 лістапада Мінскі гарадскі суд пакінуў без зменаў рашэнне суду Савецкага раёну сталіцы, які вынес вырак лідарам незалежнага беларускага прафсаюзу работнікаў Радыёэлектроннай прамысловасці Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку ў выглядзе чатырох гадоў «хатняй хіміі».
 Сёння актывісты РЭП пастанавілі, што спадарыня Міхнюк будзе выконваць абавязкі старшыні прафсаюзу да 2020 году, калі адбудзецца чарговы з'езд незалежнага прафсаюзу.

Хто такая Зінаіда Міхнюк?

Яна кіравала рэгіянальнай прафсаюзнай суполкай РЭП Берасьцейскай вобласьці, адначасова з'яўлялася намесніцай Генадзя Фядыніча.
Зінаіда Міхнюк неаднаразова ладзіла прафсаюзныя акцыі ў рэгіёне, скіраваныя на падтрымку правоў працоўных і годныя заробкі. Прайшла праз судовыя штрафы рознага памеру, «зняццё зь цягніка» на беларускай мяжы ды іншыя пакаранні з боку ўладаў.
Яна кажа: «Калі б у краіне была такая ж салідарнасць, як у незалежных прафсаюзах, то можна было б горы звярнуць. Калі б людзі не былі застрашаныя кантрактамі і ўступалі ў незалежныя прафсаюзы, якія рэальна абараняюць правы грамадзян, то пачуццё салідарнасці магло б з'явіцца значна раней. Проста трэба перастаць баяцца».

Фядыніч: «У мяне не было іншага выйсця»


​Цяпер ужо экс-старшыня РЭП сказаў Свабодзе, што ў яго не было іншага выйсця, як пакінуць пасаду: «Калі б я заставаўся кіраўніком, то ўлады маглі б ужыць санкцыі да ўсяго прафсаюзу РЭП. Такой магчымасці мы ім не дамо».
Зінаіду Міхнюк ён назваў «сапраўдным байцом», якая зарэкамендавала сябе станоўчым чынам шматгадовай плённай працай у рэгіянальнай суполцы РЭП.