Кіраўнік СК сказаў, чаму судзяць віцяблянку, у якой дзіця памерла пры родах
Кіраўнік Следчага камітэта Іван Наскевіч пракаментаваў справу віцяблянкі, якую судзяць за смерць дзіцяці пры хатніх родах. Следчыя кваліфікавалі яе дзеянні як «прычыненне смерці па неасцярожнасці».
![Прэс-служба СК Прэс-служба СК](/img/v1/images/naskievicz_0609.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Прэс-служба СК
Журналісты пацікавіліся, чаму ў Віцебску пасля смерці нованароджанага немаўляці на маці пачалі крымінальную справу, а ў Мядзеле следчыя будуць праводзіць праверку, толькі калі сваякі звернуцца з заявай.
«Гэтыя гісторыі зусім розныя. Праверка па Мядзелю яшчэ не завершана, і мы не маем права даваць канчатковую ацэнку. Што датычыць віцебскай гісторыі, то ў нас не было ніякіх сумневаў у наяўнасці прыкмет складу злачынства ў дзеяннях маці», — перадае tut.by словы Наскевіча.
Кіраўнік Следчага камітэта падкрэсліў, што віцяблянку неаднаразова папярэджвалі, што ў яе могуць узнікнуць складанасці пры родах, але яна адмовілася станавіцца на ўлік і класціся ў шпіталь. "Пасля родаў ёю не былі прынятыя правільныя меры, якія б прынялі кваліфікаваныя медык, акушэрка або доктар. Менавіта таму інцыдэнт быў кваліфікаваны як прычыненне смерці па неасцярожнасці", — заявіў Наскевіч. Ён выказаў меркаванне, што суд падтрымае меркаванне следчых.
Мядзельскую гісторыю са смерцю немаўляці праз некалькі гадзінаў пасля родаў старшыня Следчага камітэта каментаваць не стаў: «Як толькі будзе рашэнне па ёй, мы патлумачым, чаму ў адной сітуацыі падыход адзін, а ў другой — іншы. І паверце, у дзвюх сітуацыях рашэнне будзе абсалютна законным».
У Віцебску цяпер ідзе закрыты суд над жанчынай, чыё дзіця захлынулася каляплоднымі водамі і памерла пры родах. Максімальная кара, якая ёй пагражае, тры гады пазбаўлення волі.
Паводле euroradio.fm