Кіраўніка незалежнага прафсаюзу Фядыніча не выпусцілі з Беларусі

Міжнародная арганізацыі працы (МАП) гарантавала следчым вяртанне на радзіму беларускага прафсаюзнага лідара, які знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе.

Генадзь Фядыніч. Фота ПЦ "Вясна"  

Генадзь Фядыніч. Фота ПЦ "Вясна"  

Старшыня незалежнага прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч уключаны ў склад дэлегацыі глабальнага прафсаюза IndustriALL, якая будзе ўдзельнічаць у канферэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) у Жэневе.

Генеральны сакратар IndustriALL Вальтэр Санчэс накіраваў у Следчы камітэт ліст, у якім прасіў дазволіць Генадзю Фядынічу выехаць часова з Беларусі. Прафсаюзы бралі на сябе гарантыю вяртання на радзіму прафсаюзнага лідара, які знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе.

Але следчыя не дазволілі пакінуць краіну старшыні незалежнага прафсаюзу, якога ў Беларусі абвінавачваюць ва «ўхіленні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры».

«Кіраўнік следчай групы сказаў Фядынічу, што калі б за мяжу трэба было ехаць для лячэння, то тады, верагодна, дазвол далі б. А міжнародная канферэнцыя не ёсць падставай для паездкі ў Жэневу пры такой сур’ёзнай крымінальнай справе», — пракаментаваў «Радыё Свабодзе» прэсавы сакратар РЭП Мікалай Герасіменка.

Нагадаем, 8 траўня лідарам Беларускага прафсаюза РЭП Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку прад'яўленае канчатковае абвінавачанне ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса РБ)

spring96.org