Кіроўцу асудзілі на 11 гадоў калоніі за наезд на вайскоўцаў на жнівеньскім пратэсце

Сёння, 19 траўня, Мінскі гарадскі суд вынес прысуд супраць 25-гадовага Ціхана Осіпава за наезд на пяцярых вайскоўцаў падчас пратэстаў у жніўні мінулага года, удзел у масавых беспарадках, а таксама за ілжывы данос: пасля ДТЗ хлопец заехаў на машыне ў вадаём, пакінуў яе там і заявіў аб згоне.

Ціхан Осіпаў, фота tut.by

Ціхан Осіпаў, фота tut.by

Ціхана абвінавацілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: па ч. 2 арт. 293, ч. 1 арт. 400, ч. 1 арт. 14 і арт. 362. Ён прызнаў віну толькі па арт. 400 Крымінальнага кодэкса, па іншых артыкулах — не прызнаў. Судовая калегія пад старшынствам суддзі Пятра Арлова асудзіла Осіпава да 11 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Пракурор Антон Цюменцаў два разы запытваў для яго 12 гадоў калоніі.

У чым абвінавацілі Ціхана?

Паводле абвінавачання, у ноч з 10 на 11 жніўня «паддаўшыся на заклікі дэструктыўных тэлеграм-каналаў, каля гадзіны ночы 25-гадовы мінчук прыехаў на вуліцу Прытыцкага ў Мінску для ўдзелу ў масавых беспарадках. Малады чалавек знаходзіўся за рулём свайго "BMW", з якога папярэдне зняў рэгістрацыйныя знакі. Ігнаруючы патрабаванні міліцыі, кіроўца адмовіўся адчыніць дзверы і застаўся сядзець у машыне. Пасля крануўся з месца і збіў пяцярых вайскоўцаў унутраных войск. Наезд быў здзейснены на вайскоўцаў унутраных войск МУС, якія знаходзіліся ў форменным абмундзіраванні і якія прымалі ўдзел у ахове грамадскага парадку».
Паводле версіі следства, мужчына ўцёк з месца здарэння, кінуў аўтамабіль у вадаёме недалёка ад месца здзяйснення злачынства. З мэтай стварэння алібі патэлефанаваў у 102 і заявіў аб згоне. Будучы папярэджаным аб крымінальнай адказнасці за загадзя ілжывы данос, паведаміў недакладную інфармацыю пра абставіны перамяшчэння аўтамабіля і папрасіў арганізаваць яго пошук.
Пацярпелымі выступаюць вайскоўцы-кантрактнікі вайсковай частцы 5524 Васільчанка, Астапенка, Протас, Воліс, Ляпёшкін. Яны заявілі патрабаванні аб кампенсацыі маральнай шкоды: Васільчанка — 500 рублёў, Воліс, Ляпёшкін, Ратас, Астапенка — па 200 рублёў. Усе сумы кампенасаваныя да суда. Усе пацярпелыя на судзе заявілі, што прэтэнзій да абвінавачанага не маюць.
25-гадовага Ціхана Осіпава судзілі ў красавіку Мінскім гарадскім судзе за наезд на пяцярых вайскоўцаў падчас пратэстаў у жніўні мінулага года. Судовы працэс прайшоў цалкам, у спрэчках пракурор запрасіў для абвінавачанага 12 гадоў калоніі, а адвакат заявіў, што Осіпаў злачынства не здзяйсняў. Заставалася толькі абвясціць прысуд, аднак гэтага не адбылося: крымінальную справу пачалі разглядаць зноў, з іншымі суддзёй і народнымі засядацелямі. Пасля аднаўлення судовага следства быў заменены суддзя з Дзмітрыя Цыкалы на Пятра Арлова. Другое пасяджэнне прайшло спачатку і яно было амаль індэнтычным першаму: тыя ж допыты і пытанні. Пацярпелыя вайскоўцы амаль нічога новага не паведамілі суду.

«Я не разумею, як можна абвінавачваць чалавека ў гэтым». Другое апошняе слова Ціхана

Ціхан Осіпаў хацеў яшчэ раз папрасіць прабачэння ў пацярпелых вайскоўцаў, але на працэс прыйшоў толькі Ляпёшкін. 14 траўня Ціхан выступіў яшчэ раз з апошнім словам.
«Я рэальна ўсведамляю, што падвергнуў рызыцы здароўе хлопцаў, але спадзяюся, атрымаўшы кампенсацыю, якую я прасіў выплаціць сваіх сваякоў, яны больш не трымаюць на мяне зла і крыўды.
За пэўны час у зняволенні я ўсвядоміў, да чаго можа прывесці пэўная сітуацыя ў жыцці, як з гэтай ілжэзаявай... Прызнаю, што я не маю рацыі, я гэта неспадзявана зрабіў — напісаў ілжэзаяву, раскайваюся ў гэтым, калі напісаў тлумачальную ў РУУС.
З абвінавачаннем пракурора я не згодны. Я лічу, што гэта неправамерна — занадта суровае пакаранне, я адэкватны чалавек, а то цалкам заключэнне, якая зрабіла судова-псіхіятрычная экспертыза, а спецыялісты распісалі мяне як станоўчага і адэкватнага чалавека, я ніколі ў жыцці не пайшоў бы на гвалт, а ўжо на забойства кагосьці — тым больш. Гэта ўвогуле вышэй за мяне, я не разумею, як можна абвінавачваць чалавека ў гэтым.
Я ўдзячны, скажам так, гэтай нагодзе, што ніхто з пацярпелых сур'ёзна не пацярпеў, і яшчэ раз хачу паўтарыць, што прашу ў іх прабачэння. Хачу падзякаваць усім прысутным у зале, сваім бацькам і сябрам за падтрымку.
Спадзяюся, што Высокі суд разбярэцца ў гэтай справе, прыме правільнае рашэнне».
spring96.org