Вынеслі прысуд краязнаўцу Уладзіміру Гундару, якога звязваюць са «справай Аўтуховіча»
Брэсцкі абласны суд 20 траўня абвясціў прысуд вядомаму актывісту з Баранавічаў, ветэрану-афганцу Уладзіміру Гундару — тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Уладзіміра Гундараабвінавацілі па арт. 366 Крымінальнага кодэкса («Гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак»), паведамляюць праваабаронцы.
Справу разглядаў суддзя Сяргей Беразюк.
Інвалід 2-й групы Уладзімір Гундар праходзіць па «справе Аўтуховіча», падтрымліваў з ім кантакт. Суд распачаўся яшчэ 12 траўня і адбываўся у закрытым рэжыме, таму інфармацыі пра справу пакуль небагата.
Уладзіміра Гундара абвінавачваюць у тым, што падчас ператрусу па справе аб «тэракце» мужчына нібыта пагражаў следчым. Таму яго справу вылучылі ў асобную вытворчасць. Пасля чаго Гундару выставілі абвінавачанне паводле арт. 366 КК.
Паводле следства, 30 снежня 2020 года (у гэты дзень Гундару прад’явілі абвінавачанне паводле арт. 289 Крымінальнага кодэкса «Акт тэрарызму»), падчас ператрусу ў хаце Гундар нібыта пагражаў следчым і разбіў свой мабільны тэлефон, пісала «Радыё Свабода».
Паводле слоў яго жонкі Алены, віны яе муж не прызнае.
60-гадовы баранавіцкі актывіст і краязнаўца Уладзімір Гундар, як і іншыя фігуранты справы аб падрыхтоўцы тэракта Мікалай Аўтуховіч і Вольга Маёрава, некалькі месяцаў правеў у СІЗА КДБ. Аднак на пачатку красавіка яго перавялі ў Берасцейскае СІЗА №7.
Увесь час, праведзены Гундарам у следчай турме КДБ у Мінску і ў СІЗА ў Берасці, ён быў практычна ізаляваны ад свету. Меў толькі мінімальны кантакт з роднымі — жонкай і дачкой.
У камеры СІЗА яго прымусілі нават зняць пратэз з нагі.
20 траўня быў абвешчаны прысуд: прызнаць яго вінаватым па арт. 366 КК РБ і прызначыць пакаранне ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Рэчавыя доказы па справе суддзя пастанавіў знішчыць (не захоўваць, як гэта звычайна бывае ў крымінальных справах).