Кіроўцы аўтобуса, якога параніла гранатай, адмовілі ва ўзбуджэнні крымінальнай справы

Кіроўцы аўтобуса, якога 10 жніўня параніла гранатай, адмовілі ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. На думку следства, не ўстаноўлена, што няшчасны выпадак адбыўся па віне сілавікоў або па віне службовых асоб «Мінсктранса».

Фота: Дар'я Буракіна, TUT.BY

Фота: Дар'я Буракіна, TUT.BY

У рэдакцыю TUT.BY чытачы даслалі дакумент з загадам кіраўніка філіяла «Мінсктранса». У дакуменце ідзе гаворка пра кіроўцу, у спіну якога 10 жніўня трапіла святлашумавая граната і пра тое, што ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па гэтым выпадку следчыя адмовілі.

У дакуменце, які атрымалі супрацоўнікі філіяла «Мінсктранса», гаворка ідзе пра тое, каб правесці прафілактычную працу і пазапланавы інструктаж, каб выключыць выпадкі траўматызму на працы.

Звязана гэта з «няшчасным выпадкам на вытворчасці» Паўла Сібілева — кіроўцы аўтобуса, у якога трапіла святлашумавая граната 10 жніўня. У загадзе «Мінсктранса» таксама сказана, што Фрунзенскі раённы аддзел Следчага камітэта выпісаў пастанову ад 25 лістапада 2020 года аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы.

 

otkaz_v_vozbuzhdenii_ugolovnogo_dela1.jpg

prikaz_minsktransa2.jpg

prikaz_minsktransa3.jpg



— Следства прыйшло да высновы, што факт наўмыснага здзяйснення супрацоўнікамі праваахоўных органаў дзеянняў, якія відавочна выходзяць за межы правоў і паўнамоцтваў, прадастаўленых ім па службе, што пацягнула прычыненне істотнай шкоды правам і законным інтарэсам грамадзян альбо дзяржаўным ці грамадскім інтарэсам, спалучанага з гвалтам, пакутай або абразай пацярпелага альбо прымянення зброі або спецыяльных сродкаў, не знайшоў свайго пацверджання, у сувязі з чым у дзеяннях супрацоўнікаў праваахоўных органаў адсутнічае склад злачынства арт. 426 КК Рэспублікі Беларусь (Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў). Падчас праверкі ўстаноўлена, што Сібілеў П. Г. атрымаў цялесныя пашкоджанні ў выніку няшчаснага выпадку, а менавіта выбуху на адлегласці 1 метра ад яго святлашумавой гранаты.

У дакуменце рэзюмуюць, што сілавікі знаходзіліся далёка, таму зрабіць мэтанакіраваны стрэл было немагчыма. На думку следства, не ўстаноўлена, што няшчасны выпадак адбыўся па віне сілавікоў або па віне службовых асоб «Мінсктранса».

Павел Сібілеў адмовіўся ад каментароў.

Нагадаем, Павел Сібілеў — пацярпелы ад сілавога разгону пратэстаў вечарам 10 жніўня. Яго аўтобус № 163 (Сухарава-Варанянскага) апынуўся заблакаваным на дарозе паміж прыпынкамі ля станцый метро «Спартыўная» і «Пушкінская». Павел высадзіў пасажыраў і, як і яго калегі з іншых аўтобусаў і тралейбусаў, чакаў, калі можна будзе праехаць. Мужчына атрымаў раненне ад святлашумавой гранаты, калі вяртаўся ў салон. Раней ён распавядаў, што яго проста прыпячатала да аўтобуса. У ваенным шпіталі ён правёў месяц. У медычнай выпісцы было пазначана: мінна-выбуховае раненне вобласці паясніцы з шырокім дэфектам мяккіх тканін, агнястрэльны пералом асцюкаватых адросткаў LII-LIII пазванкоў, множныя паверхневыя раненні левага пляча, удар нырак.

Майя Кахно, news.tut.by