“Клуб Вітаўта Вялікага” запрашае на сустрэчу з Генадзем Сагановічам
Малады Фронт запрашае на чарговую сустрэчу “Клубу Вітаўта Вялікага”, які гэтыя разам будзе прысвечаны беларускаму войску.
“Беларускае войска: гісторыя і сучаснасць” — так называецца тэма “Клубу”, сустрэча якога адбудзецца 4 снежня а 18 гадзіне у памяшканні Арт-сядзібы.
Госці “Клубу”: гісторык, даследчык Невядомай вайны Генадзь Сагановіч, тэма выступу якога мае назву “Навошта нам гісторыя?”, і — Міраслаў Лазоўскі, які распавядзе пра стварэнне і дзейнасць “Белага Легіёну”.
“Вайсковая тэма для “Клубу Вітаўта Вялікага” выбрана не выпадкова, — гаворыць адзін з лідараў Маладога Фронту Зміцер Дашкевіч. — Цяпер, калі мы назіраем нездаровую ваенную актыўнасць пракрамлёўскай пятай калоны ў Беларусі, грамадства павінны ўзгадаць гісторыю і разважыць над тым, што спрадвеку неслі на нашу зямлю “зялёныя чалавечкі з Усходу”. А неслі яны толькі вайну. Ад самага ўтварэння Маскоўскага княства нашы продкі ліцвіны — з 1492 па 1537 гады — удзельнічалі ў пяці войнах з маскавітамі. 19 гадоў вайны з першых 45 — мы не з кім так не ваявалі, і гэта яскравейшы прыклад нашых “братэрскіх” адносінаў. Далейшае жыццё побач з “брацкім народам” не менш крывавае. Памятаваць гэта — значыцца абараніць сябе ад небяспекаў сённяшняга дня”.
“Клуб Вітаўта Вялікага” па тэме “Беларускае войска: гісторыя і сучаснасць” пачнецца а 18 гадзіне, 4 лістапада на Арт-сядзібе (па адрасе Мінск, пр. Незалежнасці, д. 58, оф. 430)