Кнігарню «логвінаЎ» хочуць аштрафаваць на 1 мільярд рублёў

Культавы інтэлектуальны адрас беларускай сталіцы апынуўся пад пагрозай знікнення.



1217_knigarniay.jpg

Пазапланавая падатковая праверка прыйшла ў кнігарню «логвінаЎ» у пачатку снежня. Памяшканне апячаталі, а дакументацыю ўзялі на вывучэнне. Па выніках праверкі кнігарню распячаталі. Але вынеслі суровае пакаранне за працу без ліцэнзіі Міністэрства інфармацыі.

Па выніках праверкі кнігарню аштрафавалі амаль на 1 мільярд рублёў – такой была сума продажаў кніг за год. Спаганяць гэтыя грошы будуць праз суд.

Уласнік кнігарні Ігар Логвінаў адзначыў, што за год ён восем разоў звяртаўся ў Мінінфарм па ліцэнзію. І кожны раз яму адмаўлялі. Адна з адмоў была звязана з тым, што Ігар… няправільна ўказаў паштовы індэкс.

Летась Міністэрства інфармацыі забрала ў выдавецтва «Логвінаў» ліцэнзію за выпуск альбома «Прэс-фота Беларусі 2011». Альбом прызналі нібыта экстрэмісцкім.

Кнігарня з’яўляецца месцам шматлікіх кніжных прэзентацый і гранічна значнай для нацыянальнай культуры і літаратуры прасторай.

Цяпер кнігарня вярнулася да працы ў ранейшым рэжыме.

У 2012 за распаўсюд беларускіх кніжак асудзілі Алеся Яўдаху. Ён дасылаў кнігі праз пошту. Наезд на яго пачаўся пасля таго, як ён стаў распаўсюджваць выданне «Маладафронтаўцы». У ягонай дзейнасці падатковая інспекцыя і Дэпартамент фінансавых расследаванняў угледзелі незаконнае прадпрымальніцтва, завялі справу. У ліпені 2012 года Алесь Яўдаха быў пакараны годам абмежавання волі без накіравання ў папраўчыя ўстановы (г.зв. «хатняя хімія», тэрмін пачаў адбываць з 15 кастрычніка 2012). Таксама было пастаноўлена спагнаць з яго 54 млн 536 тыс. 600 рублёў кампенсацыі шкоды і 2 млн 726 тыс. 830 рублёў дзяржаўнага мыта.

Сяргей Макарэвіч, nn.by