Колькі беларусаў пакінулі краіну?

Ва ўпраўленні па грамадзянстве і міграцыі ГУУС Мінгарвыканкама распавялі, колькі беларусаў выехалі з краіны за паўгода. А інтэрнет-рэсурс the-village.me падлічыў, колькі іх насамрэч.

_samalety___turyzm____belavia__fota_lzmitryja_dzmitryeva_novy_czas__16__logo.jpg


Усяго, па іх словах, выехалі 1204 грамадзяніна Беларусі (за такі ж перыяд 2020-га — 873).
З гэтай колькасці ў Расію накіраваліся 306 чалавек, у Літву — 458, у Польшчу — 182, у Фінляндыю — 90, у ЗША — 89. Астатнія выехалі ў Карэю, Кітай, Чэхію, Германію, ААЭ і іншыя дзяржавы.
Праўда, УГіМ улічвае толькі тых, хто выехаў на падставе падпісаных і зарэгістраваных працоўных дагавораў і кантрактаў на працу. Акрамя гэтага, за паўгоддзе за межы Беларусі на навучанне, стажыроўку і практыку выехалі 205 чалавек (за 6 месяцаў 2020-га — 154), для ўдзелу ў спартыўных, культурных і іншых масавых мерапрыемствах — 109 (летась — 731).
Колькі ўсяго чалавек выехалі з Беларусі, МУС не выдае. Але часам такія лічбы прыходзяць ад чыноўнікаў суседніх краін, а зрэдку і ад самога МУС.
Так, Дзяржаўная міграцыйная служба Украіны паведаміла DW, што са жніўня 2020-га па ліпень 2021 года часовы від на жыхарства аформілі 3042 грамадзяніна, яшчэ 487 чалавек атрымалі дазвол на пастаяннае жыхарства.
У канцы кастрычніка мінулага года начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун распавёў, што за два месяцы, з пачатку верасня ў Польшчу выехалі каля 10 тысяч чалавек, ва Украіну – каля 3 тысяч, у Літву і Латвію — не больш за 500 чалавек. І гэта вельмі паказальныя лічбы, таму што па выніках 2020-га, згодна з МУС, Украіна не патрапіла нават у топ-10 краін, куды беларусы выязджалі на заробкі, а ў Польшчу за ўвесь год выехалі 1117 беларусаў.
Тым часам за першыя чатыры месяцы 2021 года від на жыхарства ў Польшчы атрымалі каля 5000 беларусаў, а з 1 жніўня 2020-га па 15 лютага 2021 года 9359 беларусаў звярнуліся па атрыманне дазволу на часовае пражыванне ў Літве ці за яго прадаўжэннем; часовы ВНЖ атрымалі 7490 беларусаў. А польскі бізнес-рэсурс Puls Biznesu распавядаў, што па праграме Poland Business Harbor атрымалі візы і пераехалі каля 8900 беларускіх айцішнікаў і прадпрымальнікаў; пры гэтым пераязджаюць праграмісты і па іншых дакументах: Blue Card, «карта паляка» і г. д.