Колькі работнікаў «Гродна Азот» выйшлі з афіцыйнага прафсаюзу

З пачатку года з прафкаму «Гродна Азот» выйшлі 940 чалавек — амаль 13% членаў арганізацыі. Незалежны ж прафсаюз «Азота» з жніўня вырас у 20 разоў, піша hrodna.life.

_dsc4818.jpg


«На пачатак года сябрамі прафсаюзнага камітэта ААТ „Гродна Азот“ з’яўляліся 7261 чалавек, на 1 лістапада 2020-га ў першасную арганізацыю ўваходзяць 6321 работнік», — расказаў Андрэй Ражынскі, старшыня прафсаюзнага камітэта ААТ «Гродна Азот», выданню «Гродзенскі хімік».
Прафкам «Гродна Азот» — частка «Белхімпрафсаюзу», які адносіцца да Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
Па яго словах, гэтая страта аслабіла перагаворныя пазіцыі прафсаюза з наймальнікам пры ўнясенні дапаўненняў у калектыўную дамову. За 2020 год было падпісана тры такія дадатковых пагадненні, адным з якіх калектыўная дамова была падоўжана без выключэння нормаў і палажэнняў, у поўным аб’ёме на тры гады ці да заключэння новага калектыўнага дагавора.
Другі, незалежны, прафсаюз «Гродна Азот» з пачатку жніўня вырас з 20 членаў да больш чым 400. Пра гэта Андрэй Ханевіч, апаратчык цэха «Карбамід-3» і старшыня першаснай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюза на «Гродна Азот», расказаў «Вечернему Гродно».
Незалежны прафсаюз арганізацыі дапамагае звольненым пасля ўдзелу ў стачцы супрацоўнікам «Азота» адстойваць свае правы.
— Пры дапамозе юрыста мы падрыхтавалі і адправілі 13 заяў у суд на аднаўленне на працы, — паведамляў раней Андрэй Ханевич. — Гэтыя работнікі былі звольненыя за падзеі 26 кастрычніка, калі выйшлі пад будынак заводакіраўніцтва. Прычынай паслужыла тое, што яны праводзілі на тэрыторыі завода несанкцыянаванае мерапрыемства. Аргументавана гэта нават не законам, а правіламі ўнутранага распарадку.
Па яго словах, аргументацыя неправамерная: людзі збіраліся на тэрыторыі, не якая належыць заводу. Некаторыя з іх у гэты момант былі ў адпачынках або выхадныя.