Колькі каштуе памерці, дзе і як пахаваць, што на магіле напісаць
У гэтыя восеньскія дні беларусы памінаюць продкаў. У каталікоў 1 лістапада — Дзень усіх святых, 2 лістапада — Дзяды, у праваслаўных 5 лістапада — Змітраўская бацькоўская субота. Прыбіраюць магілы, ставяць свечкі, задумваюцца пра вечнае.
Колькі каштуе цяпер пахаванне, ці можна ўкласціся ў дапамогу, якую дзяржава выдзяляе ў выпадку смерці, на якіх могілках цяпер хаваюць у сталіцы, чаму пад пахаванні даюць забалочаныя і гліністыя землі, як змяніліся пахавальныя традыцыі, высвятляла Іна Студзінская.
Цяпер рэдка сустрэнеш у горадзе пахавальную працэсію: грузавую машыну з адкінутымі бартамі, засцеленую дываном, на якім стаіць труна, елачкі па баках замянілі адмыслова абсталяваныя катафалкі. Родныя памерлага ўжо не бегаюць у разгубленасці па інстанцыях, збіраючы даведкі, шукаючы месца на могілках, дамаўляючыся, хто выкапае магілу, хто адвязе людзей на могілкі, арганізуе адпяванне, памінальны стол — з'явіліся шматлікія спецыяльныя агенцтвы, якія бяруць на сябе ўсе жалобныя клопаты.
Цана пытання — на любы гаманец
Дзяржаўная дапамога на пахаванне роўная сярэдняй заработнай плаце ў краіне за пазамінулы адносна дня смерці месяц. У кастрычніку 2016 году памер стандартнай дапамогі на пахаванне складаў 750 рублёў. А мінімальны кошт пахавання, у які прапануюць укласціся КУП «Спецкамбінат КБА» і некаторыя рытуальныя агенцтвы, пачынаецца ад 500 рублёў. Прычым агенцтвы прапануюць некалькі пакетаў паслуг, кшталту «Эканом», «Стандарт», «V.I.P.» Верхняй мяжы няма, бо рытуальныя крамы прапануюць, напрыклад, труны на любы густ, нават з каштоўных парод драўніны, з разьбой, сусальным золатам. Так і паведамляюць: «Цэны пачынаюцца ад 800 беларускіх рублёў (верхняй мяжы няма. Усё залежыць ад пажаданняў кліента, складанасці работ, матэрыялу і тэрмінаў вырабу)». Што да ўсіх астатніх паслуг, тут тое самае — выканаюць «любы капрыз» родных памерлага.
У Мінску 24 могільнікі, хаваюць толькі на адным
У сельскай мясцовасці прыстойна пахаваць чалавека праблемы амаль няма. Амаль за кожнай вёскай, звычайна на пагорку, месцяцца вясковыя пагосты. Знайсці прыстойнае месца для пахавання блізкага чалавека, каб і дабірацца было зручна, і глеба была падыходзячая, не балоцістая і не гліністая — праблема вялікіх гарадоў. Так, у Мінску 24 могільнікі, два мэмарыяльныя комплексы і адзін крэматорый. Але адкрытыя могілкі, дзе пакуль хаваюць, толькі адны — Заходнія. Некаторыя могілкі цалкам закрытыя для пахаванняў, на некаторых можна толькі падхаваць урну з прахам, альбо, калі раней былі выкупленыя месцы, падхавацца, так бы мовіць, да памерлых сваякоў.
На мінскіх могілках спачываюць каля 400 тысяч чалавек. Самыя вялікая — Паўночныя, там пахавана больш за 110 тысяч чалавек. На Чыжоўскіх могілках ляжыць 95 тысяч, на Калодзішчанскіх — 48 тысяч, на Кальварыйскіх — 37 тысяч, на Ўсходніх — амаль 33 тысячы.
Рэсурс сталічных Заходніх могілак — 2-2,5 года, месца пад новыя могілкі няма
Як паведаміў намеснік дырэктара па ідэалагічнай працы спецкамбінату КБА Сяргей Тур, рэсурс Заходніх могілках, дзе цяпер хаваюць мінчукоў — два, максімум два з паловай гады, а дзе потым будуць хаваць, невядома:
«Зараз Мінскі аблвыканкам разглядае розныя варыянты, дзе можа быць адведзены ўчастак зямлі пад новыя могілкі, але дзе — пакуль невядома. Летась прайшла інфармацыя, што зямля — амаль 82 гектары — выдзелена ў раёне вёскі Казекава Юзуфоўскага сельсавета, была зроблена праектна-каштарысная дакумэнтацыя, зацверджаная інфраструктура. Але запратэставалі мясцовыя жыхары і дачнікі і дамагліся — могілак там не будзе. Так што пакуль невядома, дзе будуць хаваць менчукоў праз пару гадоў. У межах гораду месца для могілак няма».
На могілкі — у гумовых ботах
Але і з Заходнімі могілкамі вялікія праблемы: глеба там гліністая, увесну і ўвосень вялікія падтапленні. Генадзь К. мінулай зімой пахаваў на Заходніх могілках бацьку:
«Хавалі бацьку ў снежні, месца далі ўнізе, глеба была мёрзлая. А вясной пачаліся падтапленні; калі снег растаў, да магілы было не падысці, ды і летам пасьля дажджу таксама. Едзем з маці на могілкі заўсёды ў гумовых ботах. А яшчэ няма рады ад кратоў — усе могілкі перарытыя.
Некалькі гадоў таму хавалі сябра на Калодзішчанскіх могілках, выкапалі магілу — там стаяла вада. Маці памерлага была ў шоку, галасіла, ледзве ня кідалася ў тую яму. У мяне наогул такое ўражанне, што чыноўнікі, якія выдзяляюць участкі пад могілкі, думаюць, што яны і іх блізкія будуць жыць вечна...»
Труны на балоце
Такая ж самая праблема і ў Берасці. Гарадскія могілкі «Плоска», што ў межах гораду, закрытыя. А Паўночныя могілкі, дзе цяпер хаваюць берасцейцаў, знаходзяцца за горадам, каля вёскі Матыкалы:
«Размешчаны могілкі на сугліністых і гліністых глебах, там спрэс гліна. Магілы правальваюцца. Кажуць, што там моцная грунтовая плынь. У некаторых месцах людзей хаваюць проста ў ваду. Мы не адзін раз пісалі скаргі і звароты ў Берасцейскія гарвыканкам і аблвыканкам. Атрымалі адпіскі, што ўсё там «у межах нормы, ідзе падсыпка пяску». Але ніякай падсыпкі там не робіцца. Калі хаваюць, робяць драўляныя насцілы, па якіх можна дайсьці да магілы; крок улева, крок управа — гразь па калена. Пасля дажджу дайсці да магілы немагчыма. Людзі самі падсыпаюць грунт, камень, шчэбень пад магілы, але і гэта не дапамагае».
У Законе аб пахаванні і пахавальнай справе ёсць адмысловы 17-ты артыкул «Санітарныя, прыродаахоўныя і горадабудаўнічыя патрабаванні да размяшчэньня месцаў пахавання». Але там спрэс агульныя фразы кшталту «Размяшчэнне і ўвод у эксплуатацыю месцаў пахавання, рэканструкцыя і добраўпарадкаванне ажыццяўляюцца ў парадку, вызначаным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь».
З тым, што праблема падтаплення могілак існуе, пагаджаецца і намеснік дырэктара па ідэалягічнай працы спэцкамбінату КБА Сяргей Тур:
«Тыя ж Заходнія могілкі падтапляюцца кожную восень і вясну. Калі адводзілі зямлю, ніхто не задумаўся, што там гліністая глеба. І бываюць перыяды, калі там немагчыма хаваць. Шукаем месцы на могілках у Міханавічах (хоць могілкі і закрытыя) і прапануем людзям там хаваць сваякоў».
«На Паўночных ці Ўсходніх могілках пахавацца простаму смяротнаму нерэальна
Тое, што тыя ж Заходнія могілкі даволі далёка, што яны падтопліваюцца, прымушае людзей шукаць магчымасці пахаваць сваіх блізкіх на Паўночных, Чыжоўскіх ды іншых мінскіх гарадскіх могілках. Калі ўсё ж такі чалавек гатовы заплаціць любыя грошы, каб яго сваяка пахавалі, напрыклад, на Паўночных могілках, ці магчыма гэта? Сяргей Тур адказвае адназначна:
«Гэта нерэальна. На Паўночных могілках месцаў няма, толькі для падхавання, альбо калі ёсць зарэзерваваны ўчастак зямлі, альбо калі сваякі знаходзяць месца каля магілы. Абавязкова выяжджае камісія для абследавання. Калі ёсць магчымасць, згодна з рашэннем Мінгарвыканкаму адзін квадратны мэтар рэзервавання зямлі каштуе 30 базавых велічыняў.
На Усходніх і Паўночных могілках ёсьць адмысловыя ўчасткі, дзе хаваюць відных дзеячаў, славутасцяў — толькі з дазволу Мінгарвыканкаму».
«Цана пытаньня — ад тысячы даляраў за месца»
Але на тых жа закрытых для новых пахаванняў Паўночных могілках ледзве не кожны дзень хаваюць людзей. Як распавёў Свабодзе чалавек, якому нядаўна давялося пахаваць блізкага на Паўночных могілках, гэта складана, але магчыма. Прычым удалося не толькі пахаваць аднаго чалавека, але і зарэзерваваць яшчэ месцы. Сама схема вельмі складаная, ніводзін дырэктар могілак нават размаўляць ня будзе. У кабінетах — сістэма відэаназірання. Але ўдалося выйсці спачатку на аднаго шараговага чалавека, блізкага да другога, той накіраваў да трэцяга, потым да чацвёртага, на могілках была складзеная часовая дамова, быццам бы ажыццяўляецца падхаванне да сваяка, потым, пасля перадачы грошай ужо восьмаму ці дзявятаму — пастаянная дамова. Ланцужок быў складаны і доўгі. А цана пытання — 3 тысячы даляраў, то бок 1 тысяча даляраў за месца.
Новыя тэндэнцыі: абмежаванні па вышыні агароджы і помніка, і ніякіх дрэў на могілках
У 2015 годзе ў Беларусі прынятая новая рэдакцыя Закону аб пахаванні і пахавальнай справе. У ім канкрэтна прапісаныя патрабаванні да добраўпарадкавання і ўтрымання могілак, а таксама парадак абавязковай інвентарызацыі ўсіх могілак краіны.
Напрыклад, уводзяцца абмежаванні па вышыні агароджы магілы і помніка: агароджа не павінна быць вышэйшай за 40 см, а помнік — за 180 см. Але калі больш высокія агароджы і помнікі ўжо ўсталяваныя — ніхто іх чапаць не будзе. Спецыяльныя арганізацыі павінны не радзей чым 1 раз на 2 гады праводзіць інвэнтарызацыю месцаў пахаванняў. І першымі сталі Вайсковыя могілкі ў Менску. Дарэчы, на асобных магілах ужо з'явіліся адмысловыя папярэджаньні да сваякоў «Просім прывесці ў належны стан пахаванне, інакш прымем захады ў адпаведнасці з заканадаўствам». З больш як сямі тысяч пахаваньняў 2030 прызналі пашкоджанымі.
Намеснік дырэктара па ідэалагічнай працы УП «Спецкамбінат КБА» Сяргей Тур запэўнівае:
«Ніводнае кінутае пахаванне не будзе знесена, перанесена, закінута. Будзе распрацаваны адзіны знак — падгалоўнік ці крыж, і тэрыторыя будзе добраўпарадкаваная. Помнікі ў добрым стане зносіць не будуць, знясуць толькі разбураныя агароджы, крыжы, надмагіллі без надпісаў і недагледжаныя пахаванні».
Да снежня 2016 году будзе праведзена інвентарызацыя Чыжоўскіх могілак.
Што да адвечнай праблемы старых могілак — небяспечных вялікіх дрэў, то на новых могілках саджаць дрэвы забаронена, і прадугледжана гэта артыкулам 12 Закону аб пахаванні і пахавальнай справе. Пасадка кустоў дазваляецца толькі пры ўзгадненьні з адміністрацыяй, тлумачыць Сяргей Тур. Сухастойныя і аварыйна небясьпечныя дрэвы на могілках сьпілоўваюцца бясплатна. Што да іншых дрэў, калі родныя хочуць іх зрэзаць, яны павінны звярнуцца да адміністрацыі могілак. Але калі да спілоўваньня прыцягваюцца прамысловыя альпіністы, грамадзяне самі аплачваюць іх працу. У залежнасці ад складанасці, спілоўванне аднаго дрэва можа каштаваць да 1 тысячы рублёў.
На параўнальна новых могілках — Міханавіцкіх, Калодзішчанскіх, Паўночных — дрэваў няма, толькі нізкарослыя кусты.
Некалькі гадоў таму на Калодзішчанскіх могілках з'явіліся так званыя «газонныя пахаванні», дзе замест помнікаў усталёўваюць невялічкія надмагільныя пліты. Яны карыстаюцца попытам, і ў наступным годзе газонныя пахаванні з'явяцца на Заходніх могілках, паведаміў Сяргей Тур.
Народных традыцый прытрымліваюцца толькі ў вёсцы. У гарадах пра іх забыліся
Раней беларусы даволі строга прытрымліваліся народных традыцый пахавання. Прынята было хаваць нябожчыка на трэці дзень пасля смерці, кажа этнограф Антаніна Хатэнка:
«Хавалі на трэція суткі, бо яшчэ трое сутак душа знаходзіцца ў хаце. І хаваць цела, калі душа яшчэ не ўсвядоміла, што адбылося, і знаходзіцца з роднымі, было парушэннем абрадавых канонаў, вялікім грахом. Цяпер ніхто гэтага не прытрымліваюцца, хаваюць на наступны дзень. Хоць абавязкова душа павінна развітацца са сваім домам, і хоць адну ноч нябожчык павінен пераначаваць у сваёй хаце. Цяпер, асабліва ў горадзе, ніхто не прытрымліваецца традыцый і не ведае гэтага».
У гарадах родныя аддаюць перавагу рытуальным залям, і людзей можна зразумець, кажа Антаніна Хатэнка, бо малагабарытныя кватэры і цесныя пад’езды не прыстасаваныя для пахаванняў. Часцяком труну немагчыма вынесці з кватэры, і нябожчыка па лесвіцах выносяць на коўдры і кладуць у труну ўжо каля пад’езду.
І калі ў Менску, абласных цэнтрах гэтыя цырыманіяльныя залі выглядаюць больш-менш прыстойна, то ў бальшыні райцэнтраў гэта проста прыстасаваныя пакоі каля моргу раённага шпіталю.
Яшчэ адна спрэчная рэч — трызны, памінальныя сталы. І хоць царква заўсёды была супраць памінак з алкаголем, спрадвеку былі памінальныя чаркі, сцьвярджае Антаніна Хатэнка.
«Заўсёды трэба было тры чаркі пусціць кругам. Цяпер жа пахаванні ператварыліся ў пышныя бяседы — спаборнічаюць сем’і, у каго стол быў больш багаты. Але заўсёды на трызне павінны прысутнічаць памінальныя рытуальныя стравы. На жаль, даўно ўжо замест традыцыйнай беларускай ячменнай куцці (менавіта яна гатавалася на ўсе памінальныя дні і нават на Каляды) сталі варыць рыс з разынкамі. Але павінна прысутнічаць энэргетыка зямлі праз расліны, якія тут растуць! А рыс ніякага дачыненьня да нашай традыцыі ня мае. Куцьця мае быць абавязкова ячменнай. Ну і шмат чаго з рытуальных страў ужо не гатуюць, але куцця па-ранейшаму пераходзіць з абраду ў абрад у памінальным цыкле».
Яшчэ адна акалічнасьць, якую адзначаюць этнографы — раней ніколі не хавалі нябожчыка ў чорным, і ўся пахавальная працэсія была ў белым, кажа Антаніна Хатэнка:
«Прабачце за не зусім карэктнае параўнанне, але гэта як на вяселлі — ператрансфармацыя, пераход у іншы стан. Раней на пахаваннях было толькі белае адзенне. Белы — колер памяці. Жалобы чорнай у Беларусі не было — гэтая традыцыя прыйшла з Усходу, я думаю, што з Турцыі».
І яшчэ адна нетыповая для Беларусі з'ява — тое, як зараз выглядаюць могілкі. Ніколі ў беларускай традыцыі не было такой стракатасці і безгустоўнасці, сцьвярджае Антаніна Хатэнка. Ніколі не спаборнічалі ў вышыні і дарагоўлі помнікаў:
«Спрадвеку на магіле ставілі крыж. У Беларусі з'явілася мода на помнікі. Вось цяпер ставяць помнікі — дрэвы з абсечаным гальлём, людзі лічаць гэта своеасаблівым сымбалем. Але ў старадаўніх шляхецкіх радоў была традыцыя ставіць такі помнік, калі род заканчваўся. На магіле апошняга прадстаўніка з'яўляўся такі помнік. А цяпер гэта проста мода».
Раней не было аголеных пагостаў, без дрэў, заўсёды могілкі знаходзіліся на ўзвышшы, на гары. І абавязкова побач быў лес — як ахоўнік, кажа Антаніна Хатэнка. Што да стракатасці ў колерах штучных кветак, букетаў, вянкоў, гэта справа густу. Але кветкі на могілках спрадвеку ставілі штучныя, сцвярджае этнограф:
«На могілкі раней не насілі жывых кветак і не садзілі іх, гэта пачалося пазней. Раней і не было пластыкавых кветак — выраблялі сваімі рукамі папяровыя, саламяныя. Не было ў традыцыі жывых кветак. Менавіта нежывое адпавядала самой з'яве — пераходу чалавека ў іншы свет. Штучныя кветкі, гірлянды, вянкі ішлі адтуль. А вось ужо безгустоўшчына, «кіслотныя колеры» штучных кветак, якія ў народзе называюць «вырві вока» — гэта ўжо іншая справа.
Кажуць, нацыю можна пазнаць па могілках. Што мы бачым на беларускіх могілках? Паўсюль руская мова і штампаваныя выразы кшталту «Помним, любим, скорбим». Гэта таксама паказнік, на жаль», — скрушна канстатуе Антаніна Хатэнка.
Паводле svaboda.org