Корпус рэактара для другога энергаблока прывязуць на БелАЭС у верасні

У верасні ў Беларусь з Расіі прывязуць корпус рэактара для другога энергаблока. Пра гэта са словаў намесніка міністра энергетыкі Міхаіла Міхадзюка паведамляе БЕЛТА.

Фота: sb.by

Фота: sb.by

«Сёлета восенню мы павінны пачаць мантаж абсталявання рэактарнай устаноўкі на другім энергаблоку. Корпус рэктара павінен прыбыць у верасні, да канца гэтага года пачнём яго мантаж», — распавёў чыноўнік.
Корпус рэактара і ўсе чатыры парагенератары на першым энергаблоку ўжо змантаваныя. Завершаная і зварка галоўнага цыркуляцыйнага трубаправода першага энергаблока — гэта асноўная падзея для падрыхтоўкі першага блока да запуску.
Міхадзюк заявіў, што ўсе кантракты на пастаўку асноўнага абсталявання падпісаныя, значная частка ўжо адпраўленая расійскімі заводамі-вытворцамі ў Астравец. Намеснік міністра падкрэсліў, што абсталяванне для Беларускай АЭС праходзіць шматступенны кантроль якасці на ўсіх этапах вытворчасці і непасрэдна пры паступленнi на пляцоўку станцыі.
Як паведамлялася раней, Беларуская АЭС будуецца паводле тыпавога расійскага праекта АЭС-2006 новага пакалення «3+». Першы энергаблок плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў 2019 годзе, другі — у 2020-м.
Паводле euroradio.fm