КР распавяла, што будзе, калі Лукашэнка не выканае ўльтыматум Ціханоўскай.
— Калі Лукашэнка не выканае ўмовы ультыматуму Святланы Ціханоўскай, у сілу ўступіць адпаведная праграма дзеянняў, ухваленая ўсімі лідарамі ініцыятыў і структур, якія прадстаўляюць грамадзянскую супольнасць у Беларусі, перш за ўсё штабам Святланы Ціханоўскай, — заявіў сябра прэзідыума Каардынацыйнай рады Павел Латушка.
Ён не стаў раскрываць цалкам праграму, удакладніўшы толькі тое, што Каардынацыйная рада і штаб Святланы Ціханоўскай распрацавалі цэлы комплекс мер, накіраваных на тое, каб адбылася абвешчаная забастоўка.
Ён удакладніў, што распрацаваныя меры датычацца і розных сфер грамадства, у тым ліку эканамічнай, прамысловай, сфер культуры і адукацыі, навукі і іншых. За выключэннем тых, якія забяспечваюць жыццё і бяспеку. Гэта сферы забеспячэння прадуктамі харчавання і медыцынскіх паслуг.
— Кожны дзень па розных каналах будзе паступаць выразная інфармацыя аб нашых дзеяннях, накіраваных на рэалізацыю ультыматуму. Улада павінна разумець, што колькасць гэтых дзеянняў і ініцыятыў будзе нарастаць да 26 чысла, — адзначыў Латушка.
— Асобны план у нас распрацаваны і для нашых беларусаў, якія кожную нядзелю выходзяць на акцыі пратэсту. Гэта асноўная наша рухаючая сіла, — падкрэсліла член Прэзідыума Каардынацыйнай рады Вольга Кавалькова.
У беларускім грамадстве назапасілася дастатковая колькасць фактараў для таго, каб агульнанацыянальная забастоўка адбылася, упэўненыя члены Каардынацыйнай рады.
— Ці гатовае грамадства забыцца, што ў беларускіх турмах знаходзіцца 102 палітвязня? Што на вуліцах Мінска былі застрэленыя грамадзяне Беларусі? Што маніфестантаў прапускаюць праз міліцэйскія кардоны? Я ўпэўнены, што не, таму шанцы на тое, што страйкавы працэс пачнецца і будзе мець месца шырокі рэзананс, вельмі вялікія.
Вельмі важны і эканамічны фактар. Мы сёння фактычна знаходзімся ў эканамічным дэфолце. Лукашэнка на працягу 10 гадоў абяцае ўсім заробак па 500 долараў і ні разу не выканаў гэтага абяцання. Грамадства мае вельмі вялікі крытычны патэнцыял для таго, каб выйсці і выказаць свой пункт гледжання: "Не гвалту! Не падману! Не эканамічнаму дэфолту!", — заявіў Латушка.
Паводле gazetaby.info