Крымінальнай справы не будзе

Мінская міжгарнізонная ваенная пракуратура адмовіла ў распачынанні крымінальнай справы па факце збівання Франака Вячоркі пры яго прымусовым прызыве ў армію. Пра гэта БелаПАН паведаміў бацька маладога чалавека, першы намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка.

В. Вячорка прасіў пракуратуру распачаць крымінальную справу супраць работнікаў ваенкамата Савецкага раёна Мінска і 432-га Галоўнага ваеннага клінічнага медыцынскага цэнтра за перавышэнне паўнамоцтваў і прымяненне сілы ў дачыненні да яго сына.

У афіцыйным адказе, паводле слоў палітыка, паведамляецца, што «ваенная пракуратура выдзеліла з праверкі і накіравала згодна з падведамнасцю ў іншыя следчыя органы матэрыялы аб выкарыстанні супраць Франака сілы супрацоўнікамі міліцыі і неўстаноўленымі асобамі ў цывільным адзенні».
Пры гэтым, зазначыў В. Вячорка, экспертыза, праведзеная ў ваеннай часці ў Баранавічах (Брэсцкая вобласць), устанавіла, што ў Франака сапраўды зафіксаваныя пабоі, сляды ад наручнікаў — усяго сем траўм.
«У адказе міжгарнізоннай пракуратуры пацверджана: Франака білі. Ёсць паказанні сведак, што 16 студзеня яго выводзілі з ваеннага шпіталя невядомыя, што 28 студзеня яго везлі ў ваенную часць у наручніках. Што важна — у адказе пракуратуры гаворыцца, што «не выключана», што гэтыя траўмы былі нанесены менавіта 28 студзеня», — падкрэсліў палітык.
В. Вячорка таксама паведаміў, што 26 лютага ў Мінскім гарадскім судзе адбудзецца разгляд касацыйнай скаргі на рашэнне суда Савецкага раёна, які прызнаў Франака прыдатным да ваеннай службы.