Крымінальную справу журналіста Змітра Галко перадалі ў суд

Арыштаваны Зміцер Галко завяршыў знаёмства з крымінальнай справай, паводле якой ён абвінавачваецца ў гвалтоўных дзеяннях да супрацоўніка міліцыі, паведамляе Радыё Свабода.

d8b1ca20_a97b_4f37_b480_1741993d570c_w1023_r1_s.jpg

Справа перададзена ў суд Савецкага раёна Мінска. Паводле Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, суддзя можа вывучаць матэрыялы да двух месяцаў, таму працэс пачнецца ў ліпені-жніўні, мяркуе бацька Змітра Мікалай Галко.
Ён расказаў Свабодзе, што Зміцер па-ранейшаму ўтрымліваецца ў Жодзінскім следчым ізалятары, але перад судом яго перавядуць у мінскі СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага.
«Умовы ўтрымання параўнальна нармальныя, у камеры двое. Праўда, са Змітром быў псіхічна хворы стары чалавек, але адвакат кажа, што таго абяцалі перавесці ў іншую камеру. Ад прагулак Зміцер адмаўляецца, бо лічыць вельмі зневажальным сам „рытуал“, працэдуру вываду на прагулку, калі рукі назад, прымушаюць згінацца лбом да кален і такім чынам перасоўвацца.
Што да ежы, кашу на сняданак есці яшчэ можна, пісаў Зміцер, усё астатняе есці немагчыма, на Валадарцы харчаванне значна лепшае», — падзяліўся Мікалай Галко.
Зміцер не прызнаў сваёй віны і наогул нічога, што яму інкрымінуюць, адмовіўся супрацоўнічаць са следствам. Яму не дазволілі ніводнага спаткання з роднымі.

Сыны журналіста Змітра Галко. Архіўнае фота 2016 года

Сыны журналіста Змітра Галко. Архіўнае фота 2016 года


З атрыманнем інфармацыі з волі ёсць праблемы. Радыё ў камеры няма. Сябры выпісалі Змітру «Новы час», «Белгазету», але прэса не даходзіць, кажа яго бацька.
«Адзін раз прынеслі „СБ. Беларусь сегодня“. Лісты быццам даходзяць, але цяжка сказаць, ці ўсе. Мяркуючы па лістах і словах адваката, дэпрэсіі ў сына няма, настрой больш-менш бадзёры. Хаця рука, якую яму пры затрыманні вельмі моцна пашкодзілі міліцыянты, баліць дагэтуль, нават пісаць доўга ён не можа», — гаворыць Мікалай Галко.
Былі праблемы з адвакатамі, кажа ён. Давялося двух першых замяніць, трэцяга адваката параіў БАЖ.
«Першая адвакатка адразу сказала, што „рыць пад міліцыю я не магу, мне мае дадуць па галаве, нідзе мяне не згадвайце, каментары даваць не буду“. У другога адваката было вельмі шмат спраў, пастаянна заняты, у яго не было часу пагаварыць толкам з намі, да таго ж ён выставіў сваю версію і не хацеў слухаць ні заўваг, ні пярэчанняў. Трэцяга адваката параіў БАЖ, цяпер усё нармальна. Вельмі шчыльна працуе і са Змітром, і з намі», — кажа Мікалай Галко.

Зміцер Галко ва Украіне. У акопах. 2014 год

Зміцер Галко ва Украіне. У акопах. 2014 год


Адвакат мяркуе, што могуць прызначыць «хімію», бо ў Змітра гэта першая крымінальная справа. Хаця дыяпазон пакарання вельмі шырокі, да 6 гадоў зняволення.
***
Інцыдэнт са Змітром Галко адбыўся ў лістападзе 2017 года на мінскай кватэры, дзе ён жыў з сынам Янам. Падчас святкавання дня народзінаў юнака нібыта нехта з суседзяў выклікаў міліцыю з прычыны «празмернага шуму». Зміцер адчыніў дзверы. Паводле версіі сілавікоў, у яго здарыўся канфлікт з міліцыянтам, у выніку чаго быў разбіты мабільны тэлефон супрацоўніка ўнутраных органаў. Галко казаў, што толькі трымаў міліцыянта за руку. Пазней адбыўся адміністрацыйны працэс, журналіста пакаралі за нецэнзурную лаянку.
Пасля інцыдэнту Зміцер і Ян з'ехалі з Беларусі ва Украіну. 22 красавіка падчас вяртання ў Мінск Зміцер Галко быў затрыманы на беларуска-ўкраінскай мяжы і ад таго часу знаходзіцца пад вартай.
Падлеткі праходзяць сведкамі ў справе, на судовы працэс іх павінны выклікаць.