Фота Дзмітрыя Дзмітрыева
Ініцыятыва былых сілавікоў ByPol атрымала інфармацыю са сваіх крыніц пра скарачэнні ў шэрагах міліцыі, што адбудуцца неўзабаве. Прычым іх плануецца правесці, нягледзячы на недахоп работнікаў, які стаў яшчэ мацней праяўляцца пасля сфальсіфікаваных выбараў 2020 года і разгону пратэстаў.
У сваім тэлеграм-канале ініцыятыва адзначае, што МУС неўзабаве падвядзе вынікі працы ў першым паўгоддзі 2021. Размова там, меркавана, пойдзе пра «недакамплект асабістага саставу ў органах унутраных спраў і шляхі вырашэння дадзенага кадравага пытання».
На гэты момант у міліцыі ён складае 18,4%. Да жніўня 2020 года гэты паказчык трымаўся на ўзроўні 9%. Па-сутнасці, зараз у міліцыі не хапае кожнага пятага супрацоўніка, падкрэслівае ініцыятыва.
«Прычым гаворка ідзе менавіта пра міліцыянтаў, якія працуюць „на зямлі“, а не пра кіраўнікоў, вакансіі на пасады якіх і сёння „закрываюцца“ досыць аператыўна».
Кіраўніцтва МУС, паводле папярэдняй інфармацыі, сабралася скарачаць вакантныя пасады. На думку былых сілавікоў, якія самі да сфальсіфікаваных выбараў працавалі ў органах унутраных спраў, нагрузка застанецца як мінімум ранейшай, а аплата працы за сумяшчэнне пасад істотна скароціцца, бо надбаўкі прыбяруць. Таксама, згодна з прадастаўленай інфармацыяй, татальныя скарачэнні плануюцца ў ідэалагічнай службе.