Крыніцы з унутраных войскаў: рэферэндум запланаваны на 10 лютага, мы ўжо рыхтуемся
Актывізаваліся трэніроўкі вайскоўцаў, гэта тлумачыцца падрыхтоўкай да 10 лютага.
«Рэферэндум», які мае легалізаваць змены ў Канстытуцыю, можа адбыцца ўжо 10 лютага — так паведамляюць «Нашай Ніве» служачыя ўнутраных войскаў.
Як інфармуюць крыніцы, актывізаваліся трэніроўкі асабовага складу вайскоўцаў, што тлумачыцца падрыхтоўкай да гэтай даты.
«Адбываецца звычайная, але масштабная падрыхтоўка груп выцяснення, рассяроджвання, патрулявання і гэтак далей: аддзяленне, узвод, рота. Потым у складзе батальёнаў і В/Ч.
Раней перад падзеямі кшалту выбараў праводзілі агульныя вучэнні ўсіх унутраных войскаў, з 2020-га ўзялі моду трэніравацца разам з АМАП.
Падрыхтоўка ўключае ў сябе таксама дадатковыя заняткі па ідэалогіі», — распавядюць «НН» крыніцы.
Раней пра правядзенне рэферэндума ў лютым неаднаразова заяўляла кіраўніцтва МУС. Меркавалася, што гэта будзе канец месяца.
Але суразмоўцы дапускаюць, што дата можа быць наогул перайграна ў залежнасці ад развіцця сітуацыі ў Казахстане.