Кваліфікацыйная камісія пры Мінюсце пачала выклікаць на атэстацыю адвакатаў

Кваліфікацыйная камісія па пытаннях адвакацкай дзейнасці пры Міністэрстве юстыцыі Беларусі пачала масава выклікаць на атэстацыю адвакатаў, якія адкрыта выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю па палітычна матываваных справах.

ls_dpkavur4.jpg


Як паведамляе «Радыё Рацыя» са спасылкай на «БелаПАН», 3 сакавіка на атэстацыю былі выкліканыя сем адвакатаў. Атэстацыю прайшоў толькі адзін з іх. Яшчэ трое — Андрэй Барташэвіч, Алена Шынкарэвіч і Мікалай Ётка — не атэставаныя. Гэта значыць, што дзеянне іх адвакацкіх ліцэнзій будзе спыненае. «І яшчэ тры адвакаты прайшлі атэстацыю “ўмоўна”. Па сутнасці, цяпер яны знаходзяцца на паўгадавым выпрабавальным тэрміне, пасля заканчэння якога будзе канчаткова вырашаны іх лёс. Няпройдзеная атэстацыя лічыцца падставай для адабрання ліцэнзіі — гэта значыць, вярнуцца ў прафесію можна будзе вельмі няхутка», — растлумачыў суразмоўца агенцтва.

Ён лічыць, што такім чынам улады спрабуюць пазбавіцца ад непажаданых адвакатаў, запалохаць астатніх і пазбавіць юрыдычнай абароны палітычных зняволеных. «Усяго ў сакавіку на камісію выклікана некалькі дзясяткаў адвакатаў. Фармальная нагода для выкліку можа быць любая, але сутнасць адна — прыбраць тых, хто шмат гаворыць», — адзначыў юрыст. Паводле яго слоў, у Беларусі прыблізна 200 адвакатаў абараняюць грамадзян па рэзанансных справах, звязаных з правамі чалавека і палітычнымі працэсамі, а таксама выказваюцца супраць гвалту.

Наступнае пасяджэнне кваліфікацыйнай камісіі па атэстацыі адвакатаў прызначанае на 24 сакавіка. Мінюст сітуацыю пакуль не каментуе, але найбліжэйшым часам абяцае размясціць прэс-рэліз.

За апошнія некалькі месяцаў Мінюст пазбавіў ліцэнзіі адвакатаў Марыі Калеснікавай Аляксандра Пыльчанку і Людмілу Казак. У дачыненні да двух іншых абаронцаў Калеснікавай распачатыя крымінальныя справы. Іллю Салея абвінавачваюць на падставе ч.3 арт. 361 КК («Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы»), Максіма Знака — паводле гэтага жа артыкула і яшчэ паводле двух: ч.1 арт. 357 («Змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам»), ч.1 арт. 361-1 (па факце стварэння Каардынацыйнай рады) КК. Салей знаходзіцца пад хатнім арыштам, Знак — пад вартай, абодва прызнаныя палітзняволенымі.

Акрамя таго, ліцэнзій пазбаўленыя адвакаты Юлія Леванчук, Канстанцін Міхель, Міхаіл Кірылюк, Максім Конан. Цяпер спрабуюць пазбавіць ліцэнзіі Уладзіміра Сазанчука, які абараняе палітыка Мікалая Статкевіча, блогера Дзмітрыя Казлова і журналістку Кацярыну Андрэеву (Бахвалаву).

У абарону беларускіх адвакатаў выступілі Амерыканская асацыяцыя юрыстаў (American Bar Association, ABA), Інстытут правоў чалавека Міжнароднай асацыяцыі юрыстаў (IBAHRI) і Фонд Дж. Клуні «За справядлівасць» (CFJ), а таксама аўтарытэтныя расійскія адвакаты.

Пра ціск на беларускіх адвакатаў, якія ўдзельнічаюць у гучных палітычных справах, гаворыцца ў дакладзе вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека за 2020 год, падрыхтаваным да 46-й сесіі Савета ААН па правах чалавека (праходзіць з 22 лютага па 23 сакавіка ў Жэневе).