Леанід Кулакоў: Не выключана, што на Акрэсціна я патраплю хутчэй, чым на новы суд

Актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Леанід Кулакоў атрымаў SMS-паведамленне з суда Першамайскага раёна.

Леанід Кулакоў на пікеце 7 ліпеня 2017 года. Фота: "Наша Ніва".

Леанід Кулакоў на пікеце 7 ліпеня 2017 года. Фота: "Наша Ніва".

Леанід Кулакоў атрымаў SMS з суда Першамайскага раёна Мінска аб тым, што на 27 ліпеня прызначаная дата разгляду адміністратыўнай справы за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Пачатак суду ў 16-30.

Леанід Кулакоў мяркуе, што ў судзе будзе разгледжаны пратакол адміністратыўнага правапарушэння, складзены за ягоны ўдзел у акцыі 7 ліпеня на Кастрычніцкай плошчы супраць вучэнняў «Захад–2017». Аднак ён не ўпэўнены, ці насамрэч гэты суд адбудзецца:

— Справа ў тым, — каментуе актывіст, ­— што 20 ліпеня судом Цэнтральнага раёна я быў асуджаны за папярэднюю акцыю да 10 сутак арышту з адтэрміноўкай на 5 дзён, і менавіта сёння гэты тэрмін скончыўся. Таму не выключана, што замест суда я патраплю на Акрэсціна. Прынамсі я да гэтага гатовы.

27 ліпеня у судзе Савецкага раёна павінна  разглядацца справа Максіма Вінярскага, а ў судзе Першамайскага раёна — справа Вольгі Нікалайчык. Яны таксама маюць неадбытыя суткі.

Вядома таксама, што пратакол за ўдзел у пікеце 7 ліпеня складзены таксама ў дачыненні да баранавіцкага актывіста Рыгора Грыка.

Як паведаміў праваабаронца Сяргей Гоўша, Рыгор Грык удзельнічаў у правядзенні ў Мінску мерапрыемства 7 ліпеня з 18-00 да 18-50 за вызваленне палітзняволеных і супраць вайсковых вучэнняў “Захад–2017”. Але да яго ніхто не падыходзіў, не папярэджваў аб тым, што мерапрыемства забароненае і патрэбна разысціся.

Не выключана, што позвы ў суды атрымалі і іншыя ўдзельнікі акцыі.

spring96.org