Лекарка РНПЦ дзіцячай анкалогіі Юлія Жаранкова выйшла на волю
Лекарка Юлія Жаранкова знаходзіцца на волі, паведамляе «Панацэя». Яе выпусцілі яшчэ ўчора пасля апытання ў якасці сведкі. Паводле якой справы жанчынай цікавіліся сілавікі, невядома.
Доктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі Юлія Жаранкова была затрыманая 8 ліпеня супрацоўнікамі КДБ.
Юлія з'яўляецца старшынёй адной з яго
пярвічак, якая ўваходзіць у структуру галіновай прафсаюзнай арганізацыі «Панацэя» (а яна з'яўляецца членам міжнародных прафсаюзаў EPSU і
PSI).
Юлія Жаранкова — дзіцячы гематолаг і імунолаг з 12-гадовым
вопытам. Яна не раз з'яўлялася ў публікацыях дзяржаўных СМІ і на радыё, а ў
красавіку гэтага года выступала з відэалекцыяй на рэспубліканскай
канферэнцыі пацыентаў з першаснымі імунадэфіцытамі. Акрамя РНПЦ, Юлія працуе ў
медцэнтры «Нардзін».
Учора быў затрыманы яшчэ
адзін супрацоўнік РНПЦ-ДАГІ — загадчык лабараторыі генетычных біятэхналогій
Аляксандр Мялешка. Ён раней, як і Жаранкова, уваходзіў у кіраўніцтва пярвічкі СПБ у РНПЦ. Мялешка —кандыдат медыцынскіх навук, мае больш за 20 гадоў стажу.
Аляксандру Мялешку ў выніку прысудзілі 10 сутак адміністрацыйнага арышту.