Лекарку з Віцебска аштрафавалі за герб Літвы на машыне

12 лістапада суд Кастрычніцкага раёна Віцебска разгледзеў адміністрацыйную справу паводле арт. 24.23 КаАП, заведзеную на лекарку-пульманолага Марыну Бурбліс. Яе прызналі вінаватай у парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і аштрафавалі на 1450 рублёў за налепку герба Літвы на багажніку аўто.

9583dc510fd3047f9766b624e3cdd5d0_xl.jpg

На судзе стала вядома, што крышка багажніку была «няродная», яе мянялі ў Літоўскай Рэспубліцы. На ёй засталася налепка з гербом гэтай краіны. Адвакат прасіў не пазбаўляць медыка свабоды, бо яна працуе ў чырвонай зоне.
Справу разбіраў суддзя Уладзімір Царыкаў.
Паводле рапарту супрацоўніка Кастрычніцкага РАУС Віцебска, інфармацыя аб аўтамабілі «Опель Вектра» з Пагоняй на багажніку, які рухаецца па вуліцы Гагарына ў бок выезду з горада, паступіла 14 кастрычніка. Амаль праз тыдзень, 20 кастрычніка, быў праведзены агляд аўтамабіля і складзены пратакол агляду.
На першым судовым пасяджэнні, якое адбылося 2 лістапада, муж Марыны Бурбліс тлумачыў, што крышка на багажніку была замененая. Яе прывезлі з Літвы, мужчына паказаў на судзе перапіску з прадаўцом.
На судзе ў якасці сведкі выступіў непасрэдны начальнік жанчыны — выканаўца абавязкаў загадчыка першага тэрапеўтычнага аддзялення Віцебскай гарадской цэнтральнай паліклінікі Вадзім Парфенцьеў. Ён ахарактарызаваў сваю падначаленую станоўча, паведаміў, што Марына Бурбліс ад самага пачатку пандэміі ў складзе брыгады выязджала да хворых на каронавірус. Цяпер таксама працуе ў чырвонай зоне.
Суддзю Царыкава цікавіла іншае. Ён запытваўся, ці абмяркоўвала на працы лекарка палітычныя тэмы і ці не стаяў у яе кабінеце бел-чырвона-белы сцяжок. Загадчык аддзялення адказаў, што нічога не бачыў, ніякіх палітычных тэм у аддзяленні не абмяркоўваюць.
Адвакат Марыны заявіў, што сімвал Пагоня не прызнаны экстрэмісцкім або забароненым. Таму нельга трактаваць яго толькі як сімвал пратэсту. І што ў дадзенай сітуацыі быў толькі «збег абставін, але не масавая акцыя». Ён патлумачыў, што літоўскі герб жанчына не стала здымаць з багажніка, каб не пашкодзіць пакрыццё аўтамабіля.
Зазначыў, што насамрэч падчас пандэміі галава ягонай падабароннай была занятая зусім іншымі пытаннямі, звязанымі з працай. І дадаў: «Не ведаю, ці звярталі яны ўвагу на тое, што гэта за сімволіка: беларуская ці літоўская? Для мяне, напрыклад, стала адкрыццём супастаўленне літоўскіх і беларускіх сімвалаў».
Адвакат прасіў, каб у выпадку, калі Марыну Бурбліс прызнаюць вінаватай, яе б не адпраўлялі за краты, бо ёй трэба дапамагаць хворым на COVID-19.
Суддзя Уладзімір Царыкаў прызнаў лекарку вінаватай і прыняў рашэнне аштрафаваць жанчыну на 50 базавых велічынь (1450 рублёў).
Прысуд не набыў законнай моцы і можа быць абскарджаны ў абласным судзе.
viciebskspring.org