ЛГБТ- актывіст паскардзіўся на «Вячэрні Магілёў» у КДБ, пракуратуру і Мінінфарм

Гаворка ідзе пра артыкул «Чаму замежнікі павінны нас вучыць, як гадаваць дзяцей», што быў апублікаваны 24 кастрычніка на сайце выдання.

Фота: grodno24.com

Фота: grodno24.com

Падпісаны тэкст імем Ігаэла Ягуды, які называе сябе «палітолагам, аналітыкам па пытаннях дэмаграфічнага суверэнітэту і сямейнай палітыкі беларускіх пралайф-арганізацый і рабінам».
У матэрыяле рэзка крытыкуецца «Нацыянальны план дзеянняў па паляпшэнні становішча дзяцей і ахове іх правоў», які падрыхтаваў урад Рэспублікі Беларусь.
Ігаэл Ягуда называе дакумент працягам «Закона аб гендэрнай роўнасці» .. мэтай якога з’яўлялася адкрытае насаджэнне ЛГБТ-антыкультуры, разбэшчванне дзяцей, прыём дэклараваных вычварэнцаў на працу ў дзіцячыя ўстановы, і, вядома, перадача на «ўсынаўленне і удачарэнне» хлопчыкаў – педэрастам, дзяўчынак – лесбіянкам».
Пры гэтым аўтар сцвярджае, што «Нацыянальны план» сярод мэтаў мае «разбэшчванне дзяцей», «пазбаўленне дзяцінства» і «падрыхтоўку навальнят у моладзевых парламентах».
ЛГБТ-актывіст Валянцін Цішко звярнуў увагу на артыкул у “Вячэрнім Магілёве”, калі ўбачыў спасылку ў стужцы Facebook:
— Я адмыслова прагледзеў дакумент, пра які кажа аўтар «Вячоркі» і магу сцвярджаць, што там і блізка няма таго, пра што напісана ў артыкуле. Газета наўмысна ўводзіць людзей у зман і фармуе атмасферу нянавісці. Акрамя таго, у тэксце ёсць прамая дыскрэдытацыя дзяржаўнай улады. Усё гэта паслужыла падставай для звароту ў адпаведныя органы.
Малады чалавек накіраваў скаргі ва Упраўленне КДБ па Магілёўскай вобласці, у гарадскую пракуратуру і Міністэрства інфармацыі.
— Я папрасіў пачаць праверку гэтага матэрыялу і прыняць меры ў выпадку выяўлення парушэнняў заканадаўства. Я не разумею, як газета можа настолькі рэгулярна рабіць падобныя артыкулы і за гэтым не следуе рэакцыя гарадскіх уладаў. Па сутнасці, “Вячэрні Магілёў” негатыўна ўплывае на імідж горада, – лічыць Цішко.
Ён не ведае, якой будзе рэакцыя дзяржорганаў на ягоныя скаргі і ці будзе карысць. Пры гэтым актывіст упэўнены, што рэагаваць на такія газетныя публікацыі неабходна.
— Хай змяніць сітуацыю кардынальна не атрымаецца, але не адрэагаваць асабіста я не змог, — заявіў Цішко.
Паводле mspring.online