Лічбавая пісьменнасць і «IT-краіна»: Мінінфарм паскардзіўся ў Google на Telegram

Мінінфарм Беларусі накіраваў адпаведныя запыты ў цэнтральны офіс Google з патрабаваннем даць тлумачэнні па фактах блакавання тэлеграм-каналаў «Жоўтыя слівы» і «Вашы слівы», якіх звязваюць з сілавікамі Лукашэнкі.

maxresdefault_2_3.jpg


«Міністэрства інфармацыі Беларусі расцэньвае блакаванне тэлеграм-каналаў «Жоўтыя слівы» і «Вашы слівы» як абуральны акт беззаконнай цэнзуры з боку ўладальнікаў лічбавых платформаў», — цытуе паведамленне ведамства заблакаваны Міністэрствам інфармацыі ў Беларусі сайт АФН.

«На гэтым фоне адміністрацыі Google і Telegram працягваюць пакідаць без увагі шматлікія факты распаўсюджвання на асобных каналах недакладнай інфармацыі, а таксама матэрыялаў адкрыта экстрэмісцкага і дэструктыўнага зместу», — сцвярджаюць у Міністэрстве інфармацыі.

Канал «Жоўтыя слівы», вядомы сваім абразлівым кантэнтам і мовай варожасці, быў заблакаваны 4 чэрвеня. Яго «паслядоўнік» «Вашы слівы» праіснаваў некалькі гадзін.

«Падобныя прыклады перадузятага стаўлення да папулярных беларускіх каналаў ідуць уразрэз з міжнароднымі дамовамі аб свабодзе выказвання меркавання і сведчаць аб жаданні лічбавых платформаў навязаць сусветнай супольнасці выключна сваё, аднабокае, тлумачэнне падзей і працэсаў, якія адбываюцца як у Беларусі, так і за мяжой», — заявілі ў Мінінфарме, які заблакаваў сотні беларускіх сайтаў з-за цэнзуры.

У Беларусі дзясяткі недзяржаўных СМІ атрымалі цэтлік «экстрэмісцкіх», заблакаваныя сотні тэлеграм-чатаў і каналаў, а прыхільнасць «міжнародным дамовам аб свабодзе выказвання меркавання» выяўляецца з тым, што сёння як мінімум 27 журналістаў знаходзяцца за кратамі.