Летась у беларускамоўных класах у Мінску вучылася менш чым 2 % школьнікаў

У мінулым навучальным годзе ў 148 класах з беларускай мовай навучання ў Мінску займалася толькі 1,6 % вучняў. Разам з тым падае агульны ўзровень ведання беларускай мовы. Сёлета на высокім узроўні
экзамен па па беларускай мове здалі толькі 45,8 % выпускнікоў 11-х класаў.



У мінулым навучальным годзе ў 148 класах з беларускай мовай навучання ў Мінску займалася толькі 1,6% вучняў. Аб гэтым паведаміў старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Міхаіл Мірончык 22 жніўня на Жнівеньскім форуме педагагічных работнікаў — 2014.

"За апошнія пяць гадоў гэтыя паказчыкі скараціліся ў паўтара разу. Ёсць факты, якія проста выклікаюць абурэнне, — адзначыў ён. — У асобна ўзятых раёнах на працягу трох апошніх гадоў ад 16 старшых груп дашкольных устаноў сёлета засталася адна, а беларускамоўных класаў у школах і гімназіях і зусім няма".

У той жа час кіраўнік камітэта адзначыў, што ў горадзе жыве дастатковая колькасць бацькоў, якія жадаюць аддаць дзяцей у беларускамоўныя групы дзіцячых садкоў і беларускамоўныя класы, "проста з імі трэба працаваць".

На думку Мірончыка, вялікае значэнне ў развіцці беларускамоўных класаў мае пераемнасць. "Аддаючы дзіця ў беларускамоўны садок, бацькі павінны быць упэўненыя, што дзіця зможа прадоўжыць навучанне ў беларускамоўнай школе, каледжы, сістэме вышэйшай адукацыі", — сказаў ён.

Мірончык падкрэсліў, што цяпер у Мінску працуе пяць гімназій з беларускай мовай навучання — №4, №9, №14, №23 і №28, і, на яго думку, неабходна развіваць "беларускамоўны сегмент у адукацыйнай прасторы горада". "Для рэалізацыі гэтай задачы трэба ў найбліжэйшы час распрацаваць комплексны план мерапрыемстваў", — сказаў кіраўнік адукацыйнага камітэта.

Ён таксама выказаў занепакоенасць узроўнем ведаў па беларускай мове сярод школьнікаў, бо сёлета на высокім узроўні экзамен па замежных мовах здалі 76% выпускнікоў 11-х класаў, па рускай мове — 63,9%, па беларускай мове — 45,8%. "І гэта ў краіне, дзе, па выніках апошняга перапісу, большая частка насельніцтва ўсведамляе сябе беларусамі", — заявіў Мірончык.

БелаПАН
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: