Лісты з-за кратаў: Будзьце здаровыя, свабодныя і шчаслівыя!

Каманда «Новага Часу» працягвае атрымліваць лісты ад палітвязняў, якіх мы падпісалі на газету.

photo_2021_05_21_23_19_29_logo.jpg



«Я не падаю духам!»


Юлія Кашаверава ў лісце ад 10 траўня піша, што вельмі ўдзячна за падтрымку і падпіску, але яна дагэтуль не атрымала ніводнага нумара газеты. Дзяўчына перажывае, што не паспее ў гэтым месяцы нічога атрымаць, бо яе мусяць этапаваць у калонію.


«Несмотря ни на что, я стараюсь быть сильной! Ради своих родных и близких, которые с нетерпением ждут меня дома, я не падаю духом!

Надеюсь, что весь этот кошмар закончится, и все, кто так или иначе находится в таком положении, как и я, в скором времени будут дома.»

Юлія Сяргееўна Кашаверава – медсястра з Віцебска, асуджаная за хуліганства.
Падчас судовага следства прагучала, што дзяўчына падчас мірнай акцыі пратэсту 4 кастрычніка сарвала маску і галаўны ўбор з супрацоўніка МУС і ўдарыла нагой па міліцэйскім бусе.
У сваім апошнім слове яна сказала:
«4 кастрычніка ў натоўпе я пабачыла чалавека, які ляжаў тварам уніз. Першае, што прыйшло ў галаву, – гэта даведацца, што здарылася, ці не страціў ён прытомнасць, і дапамагчы. У гэты момант я прыгадала маці, за жыццё якой змагалася ўся сям’я… Мне стала крыўдна за сябе, бо не здолела дапамагчы. Так, я прызнаю сваю віну: я ўдарыла па машыне тры разы. Я ўчыніла правапарушэнне, але не судзіце мяне строга. Не пазбаўляйце мяне свабоды!»
23 лютага ёй прысудзілі 1 год і 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму.
Адрас для лістоў: ПК №4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3.

«Навіны да нас далятаюць толькі ў лістах падтрымкі»


Прыйшоў ліст і ад Вольгі Маёравай. У лісце, адпраўленым 15 траўня, яна таксама дзякуе за ўвагу і дапамогу.

«З нецярпеннем чакаем разам з дзяўчатамі атрымання першага майскага нумару. Гэта будзе вялікай падзеяй для нас. Бо, як самі разумееце, навіны далятаюць да нас толькі ў лістах падтрымкі або разам з новымі аршытантамі. Што не з“яўляецца, відавочна, радаснай падзеяй».

Вольга піша, што ўжо адправіла заяву кіраўніцтву СІЗА і атрымала адказ, што газету абавязкова прынясуць.
Вольга Уладзіміраўна Маёрава — грамадская актывістка, раней актыўны сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі.
Была затрыманая ўвечары 4 студзеня ў сваім доме ў вёсцы Нача Крупскага раёна па так званай «справе Мікалая Аўтуховіча». У доме быў праведзены ператрус, у выніку якога супрацоўнікі КДБ забралі з дома тэхніку.
Якое менавіта абвінавачванне прад'явілі Вользе Маёравай — дагэтуль невядома.
Спачатку ўтрымлівалася ў СІЗА КДБ, пазней была пераведзена ў Следчую турму ў г. Гродна.
Адрас для лістоў: Турма №1. 230023, г. Гродна, вул. Кірова, 1.


«Веру ў справядлівасць і што час праляціць хутка»

Арцём Ісакаў у лісце ад 16 траўня перажывае, што не атрымае «Новы Час», бо яго перавялі ў ПК22, але спадзяецца, што газеты яму перашлюць.

«От всей души хочу поблагодарить весь состав редакции. Находясь в Витебском СИЗО я был бесконечно рад, когда удавалось прочитать ваши издания у ребят, кто приезжал с газетами. У меня же все хорошо. Здоровье — отличное! Бодрость духа — крепкая! Радуюсь теперь солнцу и небу над головой.

Хоть и безумно скучаю по родным, но верю в справедливость и в то, что время пролетит быстро, и я обниму своих близких».


Арцём Ісакаў быў затрыманы 25 кастрычніка ў межах адміністрацыйнага разбору. За парушэнне закону аб масавых мерапрыемствах яго аштрафавалі на 10 базавых велічыняў. У межах крымінальнай справы знаходзіцца ў СІЗА ад 28 кастрычніка.
Паводле пракуратуры, 25 кастрычніка Арцём Ісакаў узяў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным масавым шэсці. Абвінавачанне сцвярджае, што Ісакаў не менш двух разоў «распыліў струмень пярцовага газу ў бок твараў і целаў міліцыянтаў Вайцяхоўскага, Іванова, Сянкевіча». Гэтымі дзеяннямі Ісакаў, паводле пракуратуры, перашкодзіў міліцыянтам затрымаць нецвярозага грамадзяніна, які выкрыкваў абразлівыя словы ў іх бок.
Пазней, падчас свайго затрымання ў раёне вуліцы Чкалава, Ісакаў, паводле абвінавачання, не менш трох разоў распыліў пярцовы газ у бок міліцыянтаў Аненкава, Дунца, Лазукі, Радкевіча, Ратнікава. Гэтым нібыта прычыніў фізічны боль супрацоўнікам міліцыі.
Суддзя Сяргей Будрэвіч вынес прысуд: тры гады пазбаўлення волі ў калонііі агульнага рэжыму.
Адрас для лістоў: ПК №22. 225295, Брэсцкая вобласць, г. Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20.

«Вельмі чакаю вашых лістоў»

Аляксандр Баброў піша, што ён вельмі чакае лістоў.

«Если вы вдруг услышите какие-то новости про нас, может нам можно надеяться на что-то, то пишите, я буду очень рад и очень жду ваших писем!».

Ён дзякуе за падпіску на НЧ і спадзяецца, што газету будуць аддаваць, «а то в Гомеле в тюрьме запретили ее».
А яшчэ Аляксандр распавёў пра свой канал на YouTube ALESANDRO PARRA DEL SOPRANO, дзе ён выкладваў запісы музыкі, якую выконваў. У асноўным гэта каверы гітарных партый да вядомых рок-кампазіцый. Апошняе відэа на канале апублікавана пяць месяцаў таму. Але хочацца верыць, што ў хуткім часе канал зноў пачне аднаўляцца і атрымае шмат новых падпісчыкаў.
А пакуль паслухайце, як грае Аляксандр, і напішыце яму пра гэта. Мяркуем, яму будзе прыемна. Вось, напрыклад, адна з кампазіцый, агулам на канале іх шмат.



Аляксандр Яўгеньевіч Баброў — работнік на Беларускім металургічным заводзе ў Жлобіне.
17 жніўня ў знак пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту супраць мірных пратэстоўцаў Аляксандр Баброў разам з іншымі работнікамі БМЗ перакрыў дарогу для тэхналагічнага транспарту на тэрыторыі завода.
Першага лютага суд Жлобінскага раёна абвясціў прысуд Аляксандру Баброву: два з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Адрас для лістоў: ПК №13. 211793, г. Глыбокае, вул. Савецкая, 205, атрад № 6.