Лятучы ўніверсітэт запрашае: "Супрацьстаянне фашызму і лібералізму на постсавецкай прасторы"

21 кастрычніка Лятучы ўніверсітэт запрашае на лекцыю з серыі “Галоўнае пытанне”. Вячаслаў Бабровіч распавядзе пра супрацьстаянне фашызму і лібералізму на постсавецкай прасторы.



babrovich_karcinka.jpg

Пасля распаду Савецкага Саюза скончылася эпоха працяглага проціборства дзвюх сусветных сістэм. Большасць утвораных постсавецкіх рэспублік прыняла дзяржаўныя канстытуцыі, у аснову якіх пакладзены каштоўнасці ліберальнай дэмакратыі. У гэты ж час амерыканскі палітолаг Фрэнсіс Фукуяма піша аб канчатковай перамозе лібералізму ва ўсім свеце. З таго часу прайшло больш за 20 гадоў, а колькасць прыхільнікаў лібералізму (як кажуць сацыёлагі) у постсавецкім грамадстве не расце. Мала таго, сёння яму аб'яўлена сапраўдная ідэалагічная вайна з боку прадстаўнікоў так званага «Рускага свету» і прафашысцкіх ідэолагаў.

Савецкая прапаганда вызначала фашызм як разнавіднасць буржуазнай ідэалогіі, маскіруючы генетычнае падабенства германскага нацызму з савецкім сацыялізмам.

Тым самым затушоўваліся і прынцыповыя адрозненні паміж фашызмам і лібералізмам, як найбольш паслядоўнымі, антаганістычнымі формамі калектывісцкай і індывідуалістычнай ідэалогій. Існуючае паміж імі ідэалагічнае супрацьстаянне яскрава паказвае расійска-ўкраінская ідэалагічная вайна, якая разгарэлася на нашых вачах. Абураючыся «фашысцкім» урадам ва Украіне, большасць расейцаў не заўважае рост фашысцкіх настрояў у сябе дома. Атрымаўшы ў свой час перамогу над фашызмам у вайне, савецкі (і постсавецкі) народ ніколі па-сапраўднаму не змагаўся з самой фашысцкай ідэалогіяй, не мае супраць яе імунітэту і не здольны распазнаваць яе ў штодзённасці.

У чым выяўляецца ўплыў фашызму ў сучаснай Расеі?

Як і чым ён спакушае масавага чалавека?

Кола прыхільнікаў абедзвюх ідэалогій у Беларусі і Расіі значна шырэй, чым нам кажа пра гэта сацыялогія. Менавіта супрацьстаянне фашызму і лібералізму ў постсавецкім грамадстве і вызначае дух сучаснай эпохі.

vjachasla_babrov_ch_24.jpg

21 кастрычніка ў межах серыі “Галоўнае пытанне” Лятучы ўніверсітэт запрашае на лекцыю палітолага Вячаслава Бабровіча “Супрацьстаянне фашызму і лібералізму на постсавецкай прасторы”. Пачатак а 18.30.

Слухачоў просім папярэдне зарэгістравацца. Інфармацыя пра месца правядзення будзе дасланая зарэгістраваным удзельнікам напярэдадні.

Звяртаем увагу на змены ў раскладзе далейшых лекцый: анансаваная на 28 кастрычніка лекцыя Алеся Разанава адбудзецца 11 лістапада. А 28 кастрычніка мы запрашаем Вас разважаць над “галоўным пытаннем” Міхала Анемпадыстава. Актуальная інфармацыя на нашым сайце: www.fly-uni.org